Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная

атачаюць Тэсалію. На поўначы ўздымаецца магутны Олімп (2985 м.), самая высокая гара на Балканскім паўвостраве, на якой, па поглядах даўных грэкаў, жылі іхнія багі; на ўсходзе ўздымаюцца прыгожыя гранітныя горы Оса і Пэліон. Па сваім пахаджэньні гэтыя тры гары падобны да горстаў Македоніі. Наадварот, ланцуг Пінд, які аддзяляе Тэсалію ад Эпіру, а таксама яго адгор'е, ланцуг Отрыс, што ляжыць на мяжы Тэсаліі і Сярэдняй Грэцыі, як і ланцугі Эпіру, належаць да Дынарскага ўкладу, складаюцца з вапнавых пластоў, адзначаюцца карставымі зьявамі, глыбокімі правальлямі і няпрыступнымі цясьнінамі.

Сярэдняя Грэцыя аддзяляецца ад Паўночнай дзьвюма глыбока ўрэзанымі ў сухазем'е затокамі (Лямійскай на ўсходзе і Артайскай на захадзе). Шырокі пярэсмык між гэтымі затокамі запоўнены няпрыступнымі гарамі, так што з Тэсаліі ў Сярэднюю Грэцыю вядзе толькі адзін вузкі праход (услаўленыя ў даўныя вякі Тэрмопілі). Вапнавыя, пескавіковыя, а месцам і крышталічныя горы Эпіру пераходзяць і ў Сярэднюю Грэцыю. на крайнім усходзе на паўвостраве Аттыцы гэтыя горы багаты мармурам, срэбнай і валавянай рудой. Прыблізна ў сярэдзіне Сярэдняй Грэцыі над руінамі старадаўнага места Дэльфы ўздымаецца прыгожая гара Парнас (2459 м.), на якой, па поглядах даўных грэкаў, жылі музы і душы памершых поэтаў.

Горныя ланцугі Сярэдняй Грэцыі ўпіраюцца ў Корынцкую пратоку і аднаўляюцца ўжо па той бок яе ў паўднёвай частцы Грэцкага паўвострава, у так званым Пэлёпонэсе або Морэі.

Корынцкая затока Іонійскага мора і Эгінская затока Эгэйскага мора блізка-што зусім аддзяляюць Пэлёпонэс ад Сярэдняй Грэцыі; між імі застаецца толькі вузкая шыйка - Корынцкі пярэсмык, праз які ўжо пракапалі суднаходны морскі канал. Галоўныя горныя ланцугі Пэлёпонэсу цягнуцца роўналежна з поўначы на поўдзень і ўразаюцца ў Міжземнае мора трыма выступамі.

Найвышэйшы з гэтых ланцугоў - крышталічны Тайгет (2409 м. н. р. м.) - праходзіць па сярэдзіне Пэлёпонэсу і канчаецца рогам Матапан, самым паўднёвым выступам Балканскага паўвострава. (Азнач яго географічную шырыню).

Прадоўжныя даліны між горнымі ланцугамі Пэлёпонэсу каля мора пашыраюцца і пераходзяць у ўрадлівыя нізіны, па якіх растуць гаі алейнага дрэва, фігавых, памаранцавых і іншых вечназялёных пладовых дрэў, а таксама розныя гатункі вінаградніку.

Такі характар маюць, напрыклад, Ляконіка, што ляжыць на ўсход ад Тайгету, і Мэсэнія на захад ад гэтага ланцуга.

Самы заходні з ланцугоў Грэцкага паўвострава адлучыўся ад контынэнту, апусьціўся часткай ніжэй роўня мора і перавярнуўся такім чынам у ланцуг Іонійскіх астравоў, якія ляжаць у аднаназоўным моры.