Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

астравы, раскіданыя па Эгэйскім моры, здаюцца беспасрэдным працягам Грэцкага паўвострава, як-бы разарваным мастом паміж Эўропай і Азіяй. Уся Грэцыя належыць да аднаго горнага ўкладу, частка якога апусьцілася ў ваду мора, так што над роўнем мора засталіся толькі горныя вярхі ў стане сотняў астравоў.

Як на месцы сучаснай Гібральтарскай пратокі існаваў калісь пярэсмык між Эўропай і Афрыкай, гэтак і тут, на месцы сучаснага Эгэйскага мора, быў калісь пярэсмык між Эўропай і Азіяй. Некаторыя часткі гэтага пярэсмыку апусьціліся ў мора параўнаўча нядаўна - у гістарычныя часы, калі на іх ужо жылі досыць культурныя людзі, меўшыя свае гарады і палацы. Яшчэ й цяпер у час зацішша іншы раз можна ўгледзець пад прагляднай вадой Эгэйскага мора рэшткі залітых морам даўных будынкаў. Магчыма, што павольнае апусканьне Грэцкай краіны ня скончылася яшчэ й да сяго часу. Землятрасеньні яшчэ й цяпер што-год руйнуюць значныя прасторы гэтага краю і сьведчаць аб тым, што дзейнасьць падземных сіл пакуль-што ня спынілася.

Галоўнай асаблівасьцю Грэцыі трэба лічыць надзвычайнае разьвіцьцё яе берагавой лініі. Мала ёсьць на сьвеце такіх краёў, берагі якіх былі-б гэтак зрэзаны, пакроены, пашматаны морам, як у Грэцыі. Паўсюды ў грэцкія берагі ўразаюцца затокі і бухты, у якіх морскія караблі знаходзяць прытулак у час навальніцы на моры.

Пашматованасьць берагоў Грэцыі і вялікі лік астравоў, што ляжаць каля гэтых берагоў, маюць вялікае гістарычнае значэньне. З пачатку гістарычнага часу мора лічылася перашкодай для зносін, бо благенькія чаўны первястковага чалавека не маглі доўга змагацца з хвалямі мора, і насельнікі ўзьбярэжжаў баяліся адплываць далёка ад сухазем'я. Аднак у Грэцыі шмат у якіх месцах ледзь човен адплываў ад берагоў, як перад ім паказваўся ўжо бераг суседняга вострава. Грэкі хутка навучыліся пераяжджаць з контынэнту на гэтыя астравы і далей з вострава на востраў аж да самой Малой Азіі. Дзякуючы гэтаму, грэкі перасталі лічыць мора за перашкоду для зносін, зрабіліся добрымі маракамі і пасярэднікамі ў гандлі Эўропы з Усходам, і першыя перанесьлі высокую ўсходнюю культуру ў Эўропу.

Глыбока ўрэзаныя ў сухазем'е затокі разьдзяляюць Грэцыю на цэлы шэраг дробных другарадных паўвостраваў, злучаных паміж сабой няпрыступнымі горнымі пярэсмыкамі. Уся Грэцыя складаецца з асобных акруг, сувязь паміж якімі вельмі малая.

Такая будова Грэцыі перашкаджала ўтварэньню ў ёй у даўныя часы адзінай вялікай дзяржавы. Даўная Грэцыя складалася з маленькіх асобных дзяржаўных адзінак, і толькі тады, як чужынцам пашанцавала заўладаць краінай, усе гэтыя адзінкі злучыліся ў адну дзяржаву. Цяпер мора зьяўляецца найлепшай дарогай з адных частак Грэцыі ў другія.