Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасьля вайны 1914-18 г., калі дзялілі ўладаньні Аўстра-Вугоршчыны, да якой належалі ўзьбярэжжы Сэрбіі, урад Італійскай дзяржавы марыў захапіць усе лепшыя сэрбскія прыстані. Аднак большая частка іх, як і ўсе іншыя землі краіны, засталіся за Паўднёва-Славянскім каралеўствам.

Ува ўсіх частках Сэрбіі сельская гаспадарка пераважвае над іншымі заняткамі. Аднак і для сельскай гаспадаркі ў заходняй вапняковай Сэрбіі варункі благія. Нават на ўзьбярэжжы мала гожай для вырабу зямлі, але там ўсё-ж сустракаюцца кавалкі, пакрытыя глебай, дзе, дзякуючы цёпламу і вільгатнаму падзваротнікаваму клімату, добра ўзрастае вінаграднік, з якога гатуюць найлепшыя гатункі віна. Апроч таго, так красуе рыбацтва і іншыя морскія промыслы. На ўсход ад узьбярэжжа па бязводных вапняковых скалах Дынарскіх гор люднасьць жыве вельмі бедна. Там бязмаль-што зусім ня можа расьці збожжа, няма ані лесу, ані альпійскіх лугоў. Убогай траўкі хапае хіба што на корм самай нягрэблівай жывёле. Галоўным заняткам рэдкай люднасьці зьяўляецца гадоўля авечак і коз.

Толькі ў так званых "польях", угноеных вазёрным глеем, пасьля ўсыханьня іх добра ўзрастае і хутка пасьпявае ўсялякае збожжа.

Месцам, каб скарыстаць роўны кавалак зямлі, сяляне кашамі цягаюць зямлю ды гной на амаль няпрыступныя скалы. Але ніякая праца не дае магчымасьці выбіцца з убоства й нядолі. Шмат беднага люду што-год выяжджае адгэтуль у Амэрыку шукаць заработкаў і хлеба.

Лепшыя варункі для жыцьця знаходзіць чалавек на ўсходзе Дынарскага ўкладу, у Босьнійскіх Рудных горах, дзе на паверхню высоўваюцца пакрытыя глебай лупнякі. Там болей ураджайных кавалкаў зямлі, па якіх сеюць кіяхі ды пшаніцу, саджаюць табаку, вінаграднік, садовіну. Па дубовых гаёх там пасьвяць тлустых сьвіней, часта трымаюць і малочнае быдла. Апрача таго ў Босьнійскіх горах здабываюць многа карысных мінэралаў: соль, буры вугаль, руду (жалеза, волава, серабра, медзі, мангану, хрому і г. д.). Яшчэ замажней жыве люднасьць па берагох Савы і Дравы ў нізінах, пакрытых лёэсам і чорназемнай глебай. Калісь гэтыя нізіны былі пакрыты стэпам, але даўно ўжо ўзораны і перавярнуліся на нівы кіяхоў, пшаніцы і рознага іншага збожжа. Апроч ральніцтва насельнікі займаюцца садоўніцтвам, вінаградніцтвам, шаўкоўніцтвам. Вельмі ўраджайным куточкам зьяўляецца й даліна аравы, пакрытая скрозь садамі ды нівамі. Гэтая даліна мае вялікую вагу яшчэ з тэй прычыны, што па ёй пралягае галоўная чыгунка з Бэрліну ў Царгорад, якая злучае Балканскі паўвостраў з Заходняй Эўропай. Марава складаецца з дзьвёх рэк - Балгарскай і Сэрбскай Маравы. Апошняя з іх дзеліць Усходнюю Сэрбію на 2 часткі. На поўнач ад Сэрбскай Маравы горсты маюць выгляд нявысокіх адхонных узгоркаў, пакрытых ураджайнай чорназемнай глебай. Там вельмі добра ўзрастаюць кіяхі, пшаніца, табака і садовіна, асабліва сьліва, якая