Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная

У сярэднія вякі сэрбы ўжо стварылі магутную дзяржаву, якая існавала да 1389 г., калі яе перамаглі і зруйнавалі туркі. 440 гадоў большасьць сэрбаў заставалася пад цяжарам турэцкага панаваньня, і толькі самы паўднёвы куток краіны - Чорнагорыя, дзякуючы няпрыступнасьці сваіх гор, упарта баранілася ад туркаў, адбівалася ад альбанцаў, вэнэцыйцаў і французаў і заставалася незалежнай аж да часу апошняй сусьветнай вайны.

У 1829 годзе атрымала самаўрад, а ў 1878 годзе зрабілася самастойнай дзяржавай яшчэ Ўсходняя Сэрбія, што ляжыць у вадазборы ракі Маравы. Аднак большая частка Сэрбіі заставалася яшчэ пад ярмом чужынцаў. Яшчэ паўночная частка краіны, так званыя Харвація й Славонія, якія належалі да Вугоршчыны, карысталіся некаторым самаўрадам, мелі свой сойм і нават унівэрсытэт з выкладаньнем навук у сэрбскай мове. Заходняя-ж паўзьбярэжная паласа (Дальмацыя) належала спачатку да Вэнэцыі, а потым да Аўстрыі, а сярэдзіна краіны - Босьнія, Гэрцэгавіна і Старая Сэрбія - заставаліся пад Турэччынай, ня гледзячы на многаразовыя паўстаньні мясцовых насельнікаў. У 1877 годзе Босьнію й Гэрцэгавіну окупавалі, а ў 1908 г. абвясьцілі сваёй уласнасьцю аўстра-вугорцы. Такім чынам Сэрбія была падзелена штучнымі межамі на 6 частак, з якіх тры (Харвація з Славоніяй, Дальмацыя і Босьнія з Гэрцэгавінай) належалі да Аўстра-Вугоршчыны, адна (Старая Сэрбія) - да Турэччыны і дзьве ( Чорнагорыя і Ўсходняя Сэрбія) былі самастойнымі. Аднак усе сэрбы захавалі ў чыстаце сваю мову, свае норавы ды звычаі і заставаліся адзіным народам.

У 1912 годзе Ўсходняя Сэрбія і Чорнагорыя ў вайне з Турэччынай здабылі і падзялілі паміж сабой Старую Сэрбію, а пасьля сусьветнай вайны 1914-18 гадоў з імі злучыліся бязмаль-што ўсе землі, залюдненыя ня толькі сэрбамі, але й славенцамі і належаўшыя раней да Аўстра-Вугоршчыны. Такім чыным утварылася нарэшце досыць вялікае Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства, або Паўднёва-Славянская дзяржава (246000 кв. клм., 12500 тыс. насельнікаў). Апрача Славеншчыны і Сэрбіі ў склад гэтай дзяржавы ўваходзіць частка Македоніі з перавагай балгарскай люднасьці. Гэтую частку Македоніі здабыла яшчэ Ўсходняя Сэрбія ў 1912 і 1913 гадох у час войнаў з Турэччынай і Балгарыяй.

Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства лічыцца констытуцыйнай монархіяй, у якой політычныя правы належаць да ўсіх дарослых мужчын. Аднак фактычна ў гэтай дзяржаве пануе поўнае бяспраўе для тых, хто адкрыта змагаецца з буржуазіяй. Забастоўкі тут спыняюцца за дапамогай войска, супроць комуністых выдаюцца асаблівыя законы, так што комуністычная партыя цяпер там існуе нелегальна. У 1921 г. нават з парлямэнту павыганялі комуністых, хаця іх там было 59 чал. Ня гледзячы на прасьледаваньні, комуністычны рух у Сэрбіі пашыраецца, так што пад моцным уплывам комуністых знаходзіцца большасьць профсаюзаў. У зьвязку з гэтым буржуазны ўрад Паўднёва-Славянскай дзяржавы распусьціў ня толькі ком. партыю, але таксама і профсаюзы.