Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная

——— 72 ———

Тырэнскія астравы — Сардынія ды Корсіка — зьяўляюцца пераважна краінай такіх-жа горстаў, якія мы бачылі навокал Кастыльскага плоскаўзвышша на Пірэнэйскім паўвостраве. Гэтым яны адразьняюцца ад Сіцыліі і Апэнінскага паўвострава, дзе пераважваюць навейшыя зморшчавыя горы. Тырэнскія астравы таксама, як Сіцылія, былі калісь злучаны з контынэнтам, але было значна раней, калі яшчэ ня было Тырэнскага мора, а на яго месцы існавала сухазем’е. Корсіка і Ўсходняя Сардынія — горныя, хмурыя, змрочныя і маладаступныя землі. Заходняя Сардынія парэзана прадоўжнымі і папярочнымі далінамі, па якіх лёгка прайсьці ўглыб краіны. Наагул кажучы, астравы зьяўляюцца параўнаўча беднымі, дзікімі і адзначаюцца недахватам выгодных дарог. Улетку перасыхаюць усе рэкі, і краіна выглядае, як пустыня. Толькі ў цясьнінах застаюцца кавалкі лесу вечназялёных макісаў. На абодвух астравох яшчэ захаваліся муфлоны або горныя бараны, якіх яшчэ паляюць мясцовыя насельнікі — італійцы па мове і пахаджэньні.

Галоўным заняткам насельніцтва зьяўляецца гадоўля дробнай жывёлы і рыбацтва, а на Сардыніі — яшчэ нетракапальная прамысловасьць. Сардынію можна лічыць з гэтага боку галоўнай прамысловай мясцовасьцю ўсёй Італіі, бо з даўных часоў тутука здабываюць шмат волава, цынку, жалеза і іншых мэталаў. Пры штучным абвадненьні ўзрастае вінаграднік, алейнае дрэва і паўднёвыя плады. Сардынія належыць да Італійскай дзяржавы, Корсіка — да Францыі.


Альпы.


(Азнач географічнае палажэньне Альпійскага горнага ўкладу: Вылічы адлегласьць заходняга канца Альпійскай дугі ад усходняга канца. Вылічы даўжыню ўнутранага і знадворнага краёў дугі).

Найвышэйшыя горы Эўропы — Альпійскія горныя зморшчы — шырокай дугой абхапляюць з поўначы Лямбардзкую нізіну і такім чынам аддзяляюць Італію ад паўночна-заходняга географічнага абшару нашае часткі сьвету. Як і ўсе галоўныя горныя ланцугі Паўднёвай Эўропы, Альпы ўтварыліся параўнаўча ня вельмі даўно, і зморшчавую будову іх лёгка можна прасачыць. Гэтым Альпы адразьняюцца ад спрадвечных зруйнованых ужо гор і плоскаўзвышшаў Паўночна-Заходняй Эўропы (а таксама ад горстаў Кастыліі, Сардыніі, Корсікі).

Аднак, лежачы далёка на поўнач ад іншых паўднёва-эўропэйскіх старонак (якіх?), Альпы маюць шмат супольнага з суседнімі заходня-эўропэйскімі краінамі і могуць лічыцца пераходным краем між Паўднёвай і Паўночна-Заходняй Эўропай.

У ледавіковую эпоху, калі пад тоўстым пластом лёду хавалася ўся Паўночная Эўропа, у Альпах вялізныя сьнягі ды ледавікі займалі многа болей прасторы, як цяпер. Ледавікі пакрывалі ўсе горы і даліны Альпійскага ўкладу, трымаліся нават на падгор’ях ланцуга. Ад тых ча-