Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

——— 68 ———

(12000 насельнікаў), якая да сяго часу не пажадала злучыцца з Італійскім каралеўствам, хаця з усіх бакоў яе атачаюць землі гэтага каралеўства.

Да Апэнінскай краіны можна далучыць некалькі маленькіх астравоў Тырэнскага мора і між імі востраў Эльбу з значнымі запасамі жалезнай руды.

Сіцылія разам з некалькімі суседнімі драбнейшымі астравамі можа лічыцца за беспасрэдны працяг Апэнінскага паўвострава, за рэштку маста між Эўропай і Афрыкай. Параўнаўча ня дужа даўно (з геолёгічнага погляду) на месцы сучаснай Мэсынскай пратокі, што аддзяляе Сіцылію ад Калябрыі, існаваў пярэсмык; такі самы пярэсмык існаваў калісь і між Сіцыліяй і Афрыкай, так што Сіцылію трэба лічыць востравам контынэнтавым, які нядаўна страціў сувязь з суседнім сухазем’ем.

Мал. 19. — Рым. Сабор сьв. Пётры.


Мал. 19. — Рым. Сабор сьв. Пётры.

У Паўночна-Ўсходняй Сіцыліі ўздымаюцца такія самыя гнэйсавыя горы, як і ў Калябрыі, а на захадзе, як у Сярэдняй Італіі, горы вострава складаюцца пераважна з вапнякоў. На ўсходнім беразе Сіцыліі ўзвышаецца вялічэзны вулькан Этна (3274 м. над р. м.), на версе якога бязмала заўсёды ляжаць сьнягі, а з шчылін на схілах часамі выліваецца агнёва-цякучая лява.

Яшчэ часьцей вульканічныя выбухі бываюць на Ліпарскік астравох, што ляжаць на поўнач ад Сіцыліі. Адзін з гэтых астравоў-вульканаў Стромболі рытмічна выкідае ляву, можна сказаць, бязупынна.