Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На Тыбры амаль-што ў самай сярэдзіне Італіі на 11 узгорках (даўней на 7) ляжыць Рым (689000 нас. у 1921 г.) - сучасная сталіца Італійскага каралеўства, гаспода рымска-каталіцкіх папаў, а даўнейшая сталіца ўсяго вядомага сьвету. Побач з каралеўскімі харомамі, парлямэнтам ды іншымі сучаснымі будынкамі тутака захавалася шмат руін слаўнай мінуўшчыны. (Форум або пляц, на якім зьбіраліся сходы даўна-рымскіх грамадзян; цырк Колізэй, дзе калісь адбываліся бойкі глядыятараў; тэрмы або лазьні; трыумфальныя аркі, збудованыя калісь у часы ўрачыстых уездаў даўна-рымскіх правадыроў і т. д.).

Вялізны сабор сьв. Пётры, руіны даўна-хрысьцянскіх пячораў-катакомбаў, багаты папскі палац Ватыкан сьведчаць аб вялікай ролі, якую граў у росквіце хрысьцянскай веры.

Мал. 18. — Рым. Руіны Колізэя.


Мал. 18. — Рым. Руіны Колізэя.

Далей, у Кампанскай нізіне блізка вулькану Вэзувія, на беразе Нэапольскай затокі стаіць Нэаполь (780000 насельн.), самы вялікі горад Італіі. Па разьвіцьці свайго морскага гандлю Нэаполь займае другое месца ў Італіі (спушчае толькі Гэнуі), але па культурнай вазе стаіць даволі нізка. Нэаполь - тыповы італійскі горад, а ў насельніках яго болей як дзе выяўляюцца асаблівасьці італійскай нацыі. Нэапольцы - вясёлыя, рухавыя, здольныя, але гультаяватыя і неасьвечаныя людзі. Ваколіцы Нэаполю адзначаюцца надзвычайнай прыгожасьцю.

На ўсходніх схілах Апэнін мала значных гарадоў і наагул люднасьць жыве значна радзей, асабліва па пустынных вапнавых прыгор'ях.

На мяжы з Лямбардзкай нізінай у паўночна-ўсходніх прыгор'ях Апэнін захавалася апошняя з маленькіх сярэднявяковых самастойных італійскіх дзяржаў - рэспуліка Сан-Марыно