Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

——— 65 ———

іны. Добра ўзрастае ў краіне і збожжа, нават рыс, асабліва ў марэмах, дзе на рысавых палёх аруць зямлю за дапамогай бавалаў. Аднак свайго збожжа не хапае насельнікам Апэнінскай Італіі; яго трэба сюды прывозіць з Амэрыкі ды Ўкраіны. Сяляне ядуць галоўным чынам гародніну, а ў горных лясох зьбіраюць сабе на страву ядобныя каштаны.

Сьвежую гародніну разводзяць і на вываз, асабліва ўвясну, калі ў Сярэдняй Эўропе яшчэ няма сваёй. У Апэнінскай краіне яшчэ часьцей, як у Гішпаніі, сустракаецца г. зв. прыступкавая культура, асабліва на схілах, павернутых у бок Гэнуйскае затокі і Тырэнскага мора. Там каля самага берагу на першай прыступцы сеюць рыс, вышэй — алейнае дрэва або якую-небудзь садовіну, яшчэ вышэй — вінаграднік або гародніну. Прырода краіны дае шмат мажлівасьцяй далейшага пашырэньня і разьвіцьця земляробства, але гэтаму яшчэ моцна перашкаджаюць буйная земляўласнасьць, бязрупатнасьць земляўласьнікаў, недахват асьветы і гультаваты нораў італійцаў. Часта бяз ужытку або пад пашай для дробнай жывёлы ляжаць такія кавалкі зямлі, якія пры добрым доглядзе маглі-б прынесьці вялікую карысьць.

У Апэнінскіх горах значная частка насельнікаў займаецца гадоўляй дробнай жывёлы: авечак ды коз. Аднак недахват сьвежай, сочнай травы прымушае пастухоў вандраваць з сваімі статкамі па вялікіх прасторах.

(У Апуліі ды Калябрыі гэтым займаюцца альбанцы, што ў XV і XVI вякох паўцякалі сюды з Балканскага паўвострава ад туркаў).

Каля мора насельнікі Апэнінскага паўвострава займаюцца рыбацтвам: ловяць рыбу — тунцоў, сардынак ды анчоўсаў, гадуюць ядобных сьлімакоў-вустрыц, шукаюць морскіх ракаў-гомараў і зьбіраюць розныя падарункі мора ў час адплыву.

Нетракапальная прамысловасьць, як і ў Лямбардзкай нізіне, ня мае вялікага значэньня на паўвостраве. Апрача ня вельмі значных запасаў руды ў Тосканскім плоскаўзвышшы ды карарскага мармуру, няма блізка ніякіх карысных мінэралаў. Зусім няма каменнага вугалю, вельмі мала і бурага, а дзеля таго ў кепскім становішчы знаходзіцца і фабрычная прамысловасьць. Толькі па берагох Гэнуйскае затокі ёсьць некалькі фабрык жалезных вырабаў і машын. Затое яшчэ ня страцілі свайго значэньня саматужныя промыслы. Паўсюды сяляне саматугам вырабляюць кашы, капялюшы, посьцілкі, пальчасткі, карункі, музычныя прылады і розныя цацкі з караляў, саломы і інш. Усё гэта прадаецца падарожнікам, якіх прынаджваюць сюды прыемны клімат, прыгожы краявід, багатыя рэшткі мінуўшчыны, слынныя, харошыя помнікі мастацтва.

Што-год надта многа падарожнікаў наяжджае ў Італію; адны едуць туды лячыцца, другія вучацца там мастацтву, трэція прыяжджаюць туды проста паглядзець на выдатныя асаблівасьці гэтай старонкі.