Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

——— 64 ———

дзеля таго, што кінутыя ў яе сабакі адразу падыхаюць з прычыны недахвату тлену. Чалавек, стоячы ўва ўвесь рост, можа сьмела быць у тэй пячоры, бо двутленікам вугалю, як газам цяжкім, перапаўняюцца толькі ніжэйшыя пласты паветра.

Клімат на Апэнінскім паўвостраве значна вільгатнейшы, чымся на Пірэнэйскім: большая частка Краіны ляжыць на захад ад горнага ланцуга, а, значыць, знаходзіца пад беспасрэдным уплывам вільгатных заходніх вятроў. Усходнія схілы Апэнін і сушэй і халадней за заходнія. Тыповым падзваротнікавым кліматам адзначаюцца толькі паўднёвыя часткі паўвострава. Там дажджы выліваюцца выключна ўзімку, а лета вельмі сухое і гарачае. Часамі ўлетку там дзьме з афрыканскай пустыні Сахары асабліва сухі ды сьпякотны вецер «сіроко». Вецер гэты сушыць расьліны і прыносіць дробны пыл, які лезе ў нос, у рот, у вочы і тонкім плястком асядае на лісьце дрэў і на зямлю. Гарачае лета бывае заўсёды і ў паўночных частках паўвострава, але зіма там значна халаднейшая, і ападкі выпадаюць ня ўзімку, а ўвесну або ўвосені. Маразоў і там ніколі ня бывае, і зямля ніколі не пакрываецца сьнегам. Выняткам, зразумела, зьяўляюцца вярхі гор, дзе клімат мясцамі халадней, як на Беларусі. Таксама й расьліннасьць горных хрыбтоў складаецца з дрэў, якія страчваюць узімку сваё лісьце: дубоў, букаў, ядобных каштанаў, а вышэй — нават з ігластых дрэў. Затое на ўзьбярэжжах, у далінах рэк і падгор’ях пануе вечназялёная расьліннасьць: алейныя дрэвы, вечназялёныя дубы, олеандры, магноліі, а побач з імі купрэсы і міжземнаморскія хвоі. Калісь увесь паўвостраў быў дужа багаты лясамі. На жаль, большую частку іх даўно павысякалі; на іх месцы зьявіліся — на нізкіх месцах макісы, а ў горах голыя прасторы, гожыя хіба што на пашу для дробнай жывёлы.

Калі ў цяперашнія часы самай багатай і самай культурнай часткай Італіі зьяўляецца Лямбардзкая нізіна, дык у пачатку гістарычнага часу наадварот — гандаль, прамысловасьць, навука, прыгожае пісьменства й мастацтва красавалі галоўным чынам на Апэнінскім паўвостраве, Ня толькі Тырэнскае прыгор’е, але і ўвесь паўвостраў адзначаецца вялікім багацьцем руін даўных латыньскіх будынкаў і гарадоў, якія дадаюць асобны адбітак усяму краявіду і гавораць аб мінулым багацьці краіны. Рэзкай процілежнасьцю мінуўшчыне здаецца сучаснае жыцьцё апэнінцаў. Чым далей на поўдзень, тым болей цемры, бруду, гультайства, убоства сярод італійцаў. Аднак і там італійцы заўсёды адзначаюцца вясёлым норавам, любяць сьпевы, музыку, скокі й гульні.

Дзякуючы цёпламу карыснаму клімату, зямля пры штучным абвадненьні родзіць вельмі добра. Засевы збожжа тут, як і ў Лямбардзкай нізіне, не аддзяляюцца ад садоўніцтва. Часта па палёх пшаніцы й кіяхоў растуць алейныя дрэвы, памаранцы, фігі, цытрыны, мігдал ці іншыя дрэвы паўднёвых пладоў. Паўсюды вельмі многа вінаградняў. На ўсёй зямлі няма такога краю, дзе вінаграду зьбіралі-б болей, як тут. Віно, алей з пладоў алейнага дрэва, паўднёвыя плады — вось галоўныя продукты вывазу з кра-