Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная

——— 49 ———

Арагонскае каралеўства, якое існавала ў сярэднія вякі, а потым злучылася з Кастыліяй у Гішпанскую дзяржаву, было нацыянальным каталёнскім гаспадарствам.

Гранадскія горы, або Сьера-Нэвада (сьнегавы хрыбет), як і Пірэнэйска-Кантабрыйскі горны ўклад, зьяўляюцца параўнаўча маладым зморшчавым ланцугом. Яны цягнуцца ад Гібральтарскай пратокі ўздоўж паўднёва-ўсходніх берагоў Пірэнэйскага паўвострава і ўжо пры першым поглядзе на карту здаюцца беспасрэдным працягам аднэй з галінак укладу паўночна-афрыканскіх Атляскіх гор. Гранадзскія горы яшчэ вышэй, чымся Пірэнэі. Вярхі іх нават улетку застаюцца пакрытымі плямамі сьнегу, а з найвышэйшай гары ланцуга - Мульхасан (3481 мэтр вышыні над роўнем мора) спаўзае нават ледавік, самы паўднёвы ў Эўропе. Схілы Гранадзкіх гор або зусім голыя, або апрануты толькі ўбогай травой ды рэдкім хмызьняком. Затое ўзьбярэжжа Міжземнага мора, засланёнае ад паўночных вятроў Гранадзкім ланцугом, адзначаецца цёплым падзваротнікавым кліматам, яшчэ цяплейшым, як ува Ўсходняй Гішпаніі. (Тут у горадзе Маляга тэмпэратура самага халоднага месяца студзеня +12,7°). Дзякуючы гэтаму, тутака добра ўзрастаюць самыя далікатныя расьліны Эўропы, нават пальмы, як дзе-небудзь у Афрыцы. Як і ўва Ўсходняй Гішпаніі, тут патрэбна штучнае абвадненьне зямлі, але ў хуэртах, апроч звычайных паўднёвых пладоў ды эўропэйскага збожжа, растуць рыс, баваўна, нават цукровая трысьціна й фінікавая пальма. Галоўным багацьцем краіны зьяўляецца вінаграднік, а галоўным прадметам вывазу - найлепшыя гатункі віна (між іншым вядомая маляга). Вінаграднік добра ўзрастае ня толькі па прыгор'ях, але й па схілах гор на такой вышыні, дзе ўжо ня могуць пасьпяваць далікатнейшыя гатункі паўднёвых пладоў. Каб лепей скарыстаць схілы гор і мець магчымасьць абвадняць іх, шмат у якіх месцах заводзяць прыступкавую культуру, ператвараючы нахіленую паверхню схілаў у шэраг паземных прыступак-тэрас. Дзякуючы штучнаму абвадненьню, гагатыя хуэрты стварыліся нават у сярэдзіне краіны, у далінах, з усіх бакоў абхопленых гарамі, дзе бяз штучнага абвадненьня магла існаваць толькі ўбогая стэпавая расьліннасьць.

Штучнае абвадненьне ў краіне было заведзена ў сярэднія вякі маўрамі, якія перасяліліся сюды цераз Гібральтарскую пратоку і стварылі тут сваю дзяржаву (каліфат), у якой высока стаялі земляробства, гандаль, навука, мастацтва і асьвета. У недаступных Гранадзкіх горах маўры доўга маглі бараніцца ад кастыльцаў, і толькі ў год вынаходкі Амэрыкі мусілі здаць сваю сталіцу гішпанскаму войску. Заўладаўшы Гранадзкай краінай, гішпанцы зьнішчылі і зруйнавалі ўсю маўрскую культуру, а саміх маўраў часткай перабілі, часткай павыганялі ў Афрыку. Да сяго часу ў краіне захавалася толькі некалькі дзесяткаў тысяч патомкаў даўных маўраў-морысаў, як іх цяпер празываюць. Затое яшчэ й цяпер там засталося шмат выдатных будынкаў, збудованых маўрамі. У сярядзіне краіны ў месьце