Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кай гушчынёю залюдненьня. (На квадратны кілёмэтр тутака прыпадае болей за 42 чал., у той час, як на Беларусі толькі каля 35; у Вазёрным краі яшчэ меней). Значная частка сялянскага люду не знаходзіць сабе працы ані на фабрыках, ані ў саматужніцтве і шукае заработкаў за межамі ў Украіне і Сібіры, па Ніжняй Волзе і г. д. Адыход на заработкі тут мае вельмі вялікую вагу, асабліва каля Масквы, дзе значная частка сялянства йдзе ў сталіцу. Часамі на вёсках застаюцца толькі бабы, дзеці ды старыкі, бо ўсе працаздольныя мужчыны адыходзяць у гарады. Амаль-што па усёй Усходняй Эўропе працуюць калускія грабары, цесьляры, пячнікі, ніжагародзкія грузчыкі; паўсюды вандруюць яраслаўскія ды ўладзімірскія гандляры (офені, коробейнікі), твярскія хурманы і г. д.

Вёскі тутэйшых сялян складаюцца з аднапаверхавых драўляных хат і маюць шэры убогі выгляд. Затое шмат якія вёскі, насельнікі якіх займаюцца саматужнымі промысламі, пабагацелі, адбудаваліся на гарадзкі узор, вырасьлі і перавярнуліся ў запраўдныя гарады. Замест нашых мястэчак там сустракаюцца, як у старавераў Беларускага лесастэпу, яшчэ так званыя "пасады", якія зьяўляюцца часта запраўднымі гарадамі з буйной прамысловасьцю і бойкім гандлем. Наагул паселішчы гарадзкога тыпу тут сустракаюцца часьцей, як у іншых мясцовасьцях Усходняй Эўропы. Тутэйшыя гарады адзначаюцца вялікай колькасьцю цэркваў і кляштараў. Часта месты з 2-3 тысячамі насельнікаў маюць болей цэркваў, як самыя вялікія гарады Беларусі. Часта па сярэднярасійскіх гарадох захаваліся й так званыя "крэмлі", крэпасьці ў асяродку гарадоў з руінамі старасьвецкіх муроў, веж і г. д.

Званіцы цэркваў і кляштараў побач з комінамі фабрык, вежы старасьвецкага крамля поруч з сучаснымі многапаверхавымі камяніцамі кідаюцца перш за ўсё ў вочы і ў сталіцы Вялікарусі, у галоўным горадзе краіны-у Маскве. Горад гэты ляжыць, можна сказаць, у самым асяродку. Усходняй Эўропы, прыблізна ў роўнай адлегласьці ад Белага і Чорнага мораў, ад Польшчы і ад Уралу, ад Касьпійскіх стэпаў і ад прыстань Балтыцкага мора. Першым горадам Усходняй Эўропы Масква магла зрабіцца толькі тады, як уся Ўсходняя Эўропа была ўжо больш-менш роўна залюднена і ўся больш-менш запазычыла агульна-эўропейскую культуру.

Заложаная яшчэ ў XІІ веку, Масква хутка зрабілася сталіцай Маскоўскага вялікага княства, а потым Маскоўскага царства, і праз увесь час існаваньня Маскоўскай дзяржавы павялічвалася, узмацнялася, багацела. Нават перанясеньне сталіцы ў Ленінград ня зьнішчыла вялікай вагі гэтага гораду. Масква заставалася месцам, багатым гістарычнымі ўспамінамі, асяродкам вялікарускай самабытнай культуры.

Асяродкавае палажэньне Масквы прымушала пракладаць праз яе галоўныя чыгункі Расійскай дзяржавы, і яна зрабілася галоўным вузлом дарог Усходняй Эўропы. У той час, калі Ленінград быў асяродкам замежнага гандлю Вялікарусі, Масква была асяродкам гандлю ўнутранога. (Ган-