Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З даўных часоў большасьць зямлі, гожай на ральлю, тут распрацовака, але гаспадарка стаіць кепска. Да апошняга часу плугі і жалезныя бароны сустракаюцца досыць рэдка. Сяляне да цяперашняга часу карыстаюцца пераважна старасьвецкай сахой і драўлянай бараной. Краіна досыць густа залюднена, і сяляне ўладаюць маленькімі надзеламі; зямлёй карыстаюцца супольна, усёй вёскай, час ад часу зямлю пераразьмяркоўваюць згодна зьменам у колькасьці членаў кожнай сям'і. Значная частка зямлі да рэволюцыі належала тутака да паноў, і малазямельныя сяляне мусілі працаваць у дварох. Аднак і там не хапала працы для ўсяго насяленьня, і значная частка яго што-год падавалася на заработкі на Украіну ці ў казацкія стэпы. Дзякуючы дрэннай гаспадарцы, глеба ужо не дае такіх багатых ураджаяу, як даўней, і вымагае ўгнаеньня, але пакуль-што у звычайныя гады ўраджаі збожжа яшчэ вялікія і задавальняюць хлебам усё насяленьне, нават даюць магчымасьць вывозіць збожжа за межы. Болей за ўсё тут сеюць жыта, далей ідзе авëс, пшаніца, бульба. Вялікую вагу маюць засевы цукровых буракоў і табакі. Блізка-што ўсе сяляне сеюць каноплі, і паводле вырабу пянькі краіна займае першае месца ў Маскоўшчыне. Параўнаўца з іншымі краінамі Маскоўшчыны, тут даволі часта сустракаюцца сады.

У Окска-Донскай нізіне (у Тамбоўскай і Варовескай губ.) пашырылася гадоўля заводзкіх коняй-рысакоў і грузавых біцюгоў. Параўнаўча з іншымі краінамі Маскоўшчыны тутака трымаюць даволі многа сьвіней, але значна меней, як на Беларусі або на Украіне. Па Сярэдняй Ацэ ў акругах, што ляжаць блізка ад Масквы, распаўсюджылася прамысловая гадоўля курэй. Наагул блізка-што усе галіны сельскай гаспадаркі граюць тут большую ролю, як у рэшце Маскоўшчыны. Параўнаўча з іншымі краінамі Маскоўшчыны, гэта найболей тыповая сельска-гаспадарчая краіна. Апрацоўчая прамысловасьць і гандаль стаяць тут вельмі нізка. Нават саматужная прамысловасьць, распаўсюджаная ў Паўночнай Маскоўшчыне, тутака не пашырылася. Толькі каля Тулы саматужным спосабам вырабляюцца асобныя часткі самавараў, якія аднак зьбіраюцца ў адно ўжо на самаварных фабрыках у самой Туле. За выключэньнем Тульскай акругі, у рэшце Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыны на фабрыках апрацоўваюцца толькі сельска-гаспадарскія продукты. У вадазборы Сэйму (у Куршчыне) па буйных дварох працуюць цукраварні і бравары; паўсюды па гарадох і маёнтках сустракаюцца паравыя млыны, алейні, крухмальні. Аднак большая частка мясцовых продуктаў вывозіцца за межы ў неапрацованым стане. Галоўныя продукты вывазу: збожжа, пянька і жывёла.

Мала дзе яшчэ па гарадох жыве такі малы процант усёй люднасьці, як у Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыне. Рашучую большасьць складае вясковая люднасьць. Вёскі, значна большыя, чым у Паўночнай Маскоўшчыне складаюцца часта з брудных "курных" хат, у якіх узімку часам разам з чалавекам жыве й жывёла. Што-год многа вёсак гіне ад пажараў, бо хаты пераважна драўляныя.