Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ральніцтва у краіне стаіць горай, як на Беларусі або ў Сярэдняй Маскоўшчыне. Трохпалёўка тут таксама пераважвае над іншымі спосабамі ральніцтва, але тут яшчэ вельмі пашыраны лядавы спосаб гаспадаркі (што гэта за спосаб?). Жыта тут яшчэ пануе над іншымі гатункамі збож. жа, але расьце горай, як у нас, дрэнная тамака й бульба. Затое авëс, які не вымагае трывалага лета, не патрабуе шмат цяплыні, набывае тут большую вагу. Таксама вялікую карысьць селяніну дае лён. Лёнам засяваюць найлепшыя землі, яго вывозяць і за межы за дапамогай вандроўных гандляроў, купляючых ільняніну ад сялян. Асабліва многа лёну вырабляюць Пскоўская і Ноўгародзкая губэрні. Пасьля вайны плошча засевай лёну значна зьменшылася.

Многалічныя вазёры краіны слынуць сваімі рыбнымі багацьцямі, між іншым корушкай, сігамі, сьняткамі і ласоскамі, лоў якіх дае важны даход ваколічным насельнікам.

Саматужная прамысловасьць тутака ня мае тэй вагі, як у Маскоўскай прамысловай краіне. (Толькі па Валдайскіх узгорках карыстаецца славай выраб мядзяных званочкау ды ў пачатках Волгі саматугам вырабляюць на продаж боты). Затое адыход на працу ў гарады, асабліва ў Ленінград, адцягвае шмат працоўных рук ад ральніцтва. Шмат у якіх месцах краіны знаходзяць жалезную руду (вазёрную і балотную), а каля места Баравічаў трапляецца і буры вугаль, але фабрычная прамысловасьць карыстаецца прывозным апалам, пераважна ангельскім вугалем, і гуртуецца каля Ленінграду, куды гэты апал лягчэй за ўсё прывезьці. Толькі пільні і фабрыкі сернічак распаўсюджыліся блізка-што па ўсёй краіне.

Як і паўсюды ўва Усходняй Эўропе, вясковая люднасьць у Вазёрнай краіне пераважвае над гарадзкой. Вёскі тут маленькія, але чысьцейшыя, як у Сярэдняй Маскоўшчыне, часта па іх сустракаюцца и двохпаверхавыя хаты. Гарады тут маюць болей заходня-эўропэйскіх адзнак, чым гарады Маскоўскай прамысловай краіны.

Ленінград, як асяродак Вазёрнай краіны, якая заўсёды бойка гандлявала з Заходняй Эўропай, мае выгляд чыста эўропэйскага, сучаснага гораду. Тут няма тэй самабытнасьці, якой адзначаецца Масква. Сярод насельнікаў Ленінграду спатыкаюцца прадстаўнікі ўсіх народаў Эўропы, асабліва Усходняй. Апрача маскоўцаў, украінцаў, беларусоў, жыдоў і палякой тут жыве многа немцаў, Фінляндцаў, эстонцаў, латышоў, татараў, швэдаў і г. д. Абапал простых, шырокіх, добра брукаваных вуліц тут цягнуцца аднастайныя, як кашары, пераважна трох-чатырох паверхавыя будынкі. Аднак і тут ёсьць шмат прыгожых саборау (Ісакаўскі, Казанскі, Васкрасенскі), помнікаў (Петру Першаму), даўнацарскіх палацаў (Зімовы, Мармуровы, Анічкін), тэатрау, будынкаў, вышэйшых культурных і асьветных устаноў і г. д. Акрасай гораду зьяўляецца Нява, у вусьці якой, на астравох дэльты ён пабудаваўся. Вялізныя харошыя масты, гранітныя надбярэжжы, параходны рух дадаюць шмат хараства