дрэва. Праз Гонг-Конг вывозяцца кітайская гарбата, шоўк; з Малякі дастаўляецца цына; з Аўстраліі ды Новай Зэляндыі―мяса, воўна, золата; з Нью-Фаўндленду—рыба; з Акіяніі—копра (сушаныя кокосавыя гарэхі). Некаторыя з Брытанскіх колёній ня маюць вялікіх прыродных багацьцяў, але зьяўляюцца вельмі важнымі дзеля свайго географічнага палажэньня на гандлёвых морскіх дарогах. Гэта колёніі—морскія станцыі, на якіх грунтуецца вайскова-морская магутнасьць Брытанскай дзяржавы. У іх стаяць ангельскія вайсковыя караблі, на іх знаходзяцца склады вугалю для гандлёвых судзінаў. Ужо ў Эўропе ёсьць такія колёніі: Гібральтар пры выйсьці з Міжземнага мора і Мальта ў сярэдзіне гэтага мора. Такое-ж значэньне маюць: Адэн каля выйсьця з Чырвонага мора ў індыйскі акіян, Сінгапур на паўднёвым рагу Малякі, Гонг-Конг і Вэй-Хай-Вэй у Кітаі. Грунтуючыся на гэтых колёніях-станцыях, трымаючы ў іх магутны флёт, ангельцы пашыралі свае ўплывы на суседнія старонкі. Так, з Гонг-Конгу і Вэй-Хай-вэю ангельцы лёгка могуць уплываць на Кітай; асталяваўшыся ў Адэне, яны фактычна заўладалі Арабіяй. Дзякуючы багацьцям сваіх колëній, Брытанская дзяржава перад вайной, можна сказаць, кіравала сусьветным рынкам. Ангельскія грошы лічыліся найбольш пэўнай грашовай адзінкай: Лёндон быў грашовым асяродкам сьвету. Цяпер у значнай меры на гэтым полі Ангельшчыну замяняюць Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі.
Выявіўшы вялікі дзяржаўны розум у адносінах да сваіх заэўропэйскіх колёній, ангельцы часамі не маглі патрапіць здаволіць насельнікаў сваіх эўропэйскіх уладаньняў. Ірляндыю і Шотляндыю ангельцы ніяк не згаджаліся прызнаць за асобныя географічныя адзінкі, якія патрабуюць шырокага самаўраду. Толькі пасьля шматвяковай крывавай барацьбы Ірляндыя здабыла свой уласны сойм―парлямэнт.
- Цікава, што маленькі востраў Мэн, які ляжыць у Ірляндзкім моры, з даўных часоў меў асобны парлямэнт, якога ніяк не магла здабыць досыць вялікая Ірляндыя.
Падзел Брытанскіх астравоў на 3 галоўных часткі: Ангельшчыну з Уэльсам, Шотляндыю і Ірляндыю, якія адпавядаюць 3-м галоўным даўным каралеўствам, што ўвайшлі ў склад Брытанскай дзяржавы, захаваўся да сяго часу. Кожная з гэтых частак мае свае асаблівасьці ня толькі ў прыродзе і люднасьці, але таксама ў кіраўніцтве, у справах суду і царквы. Найвялікшая з гэтых частак—Ангельшчына—складаецца з дзьвюх палоў: паўднёва-ўсходняй—раўніннай, у значнай меры сельска-гаспадарчай, і паўночна-заходняй—узгаркаватай або нават горнай, прамысловай. Абедзьве гэтыя краіны Ангельшчыны, зразумела, маюць шмат супольнага, бо люднасьць абедзьвюх складаецца пераважна з ангельцаў, але паводле прыроды і заняткаў насяленьня яны значна розьняцца адна ад аднэй, ды і ў люднасьці абедзьвюх ёсьць асаблівасьці. Кельцкія ўплывы лягчэй можна прымеціць на захадзе, таго часу як на ўсходзе жывуць тыповыя гэрманцы—