Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
У 1914 годзе грузаёмістасьць ангельскіх гандлёвых караблёў дасягала 18.800.000 тон (тона=61 пуду), таго часу як нямецкія гандлёвыя караблі зьмяшчалі 5.100.000 тон, паўночна-амэрыканскія (Зл. Шт.)—1.840.000, норвэскія 1.920,000, а іншыя яшчэ меней. Пасьля вайны 14—18 г. грузаëмістасьць ангельскіх караблёў дасягнула 19.290. 00 тон, паўн.-амэр.—12.310.000, а нямецкіх толькі 650.000 (бо Нямеччына перадала пераможцам большую частку свайго гандлёвага флёту).

Разам з пашырэньнем ангельскага гандлю павялічвалася і колькасьць брытанскіх уладаньняў. Да Брытанскай дзяржавы належаць найвялікшыя колёніі сьвету, разам з якімі Брытанская дзяржава зьяўляецца найвялікшай у сьвеце. За межамі Эўропы да яе належыць каля 35.000.000 кв. клм., амаль-што ¼ усяго сухазем'я. На гэтай прасторы жыве болей за 410 мільёнаў людзей, амаль што ¼ усяго чалавецтва. Апрача таго некаторыя краіны знаходзяцца пад брытанскім уплывам, хаця й ня лічацца яшчэ колёніямі. Сярод эўропэйскіх дзяржаў, якія ўладалі заморскімі колёніямі, Ангельшчына выявіла найвялікшую здольнасьць панаваць над паднявольнымі краямі, выявіла асаблівае мастацтва колёнізатарства. У сваёй колёніяльнай політыцы Ангельшчына заўсёды кіравалася правілам: "падзяляй і ўладай". Напрыклад, найвялікшае сваё ўладаньне—Індыю—Ангельшчына падзяліла на дзьве групы адзінак. Адны індыйскія дзяржавы абвяшчаліся беспасрэдна неаддзельнай часткай Брытанскай дзяржавы, другім пакідаўся стары фэодальны лад і мясцовыя князькі, якія ня могуць аднак зрабіць аніводнага кроку без дазволу ангельскага прадстаўніка.

Меньш за ўсё мяшаюцца ангельцы ўва ўнутраныя справы тых сваіх колёній, у якіх жывуць эўропэйцы, галоўным чынам выхадцы з Ангельшчыны, Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя карыстаюцца шырокім самаўрадам, маюць свае мясцовыя соймы—парлямэнты—і свае міністэрствы. Фактычна гэтыя залюдненыя ангельцамі колёніі зьяўляюцца незалежнымі рэспублікамі, а губэрнатары іх, назначаныя мэтрополіяй, ня могуць выдаць ніякага загаду бяз подпісу абраных парлямэнтам міністраў. Аднак сувязь гэтых колёній з Ангельшчынай была да сяго часу вельмі моцнай і грунтуецца на супольных экономічных інтарэсах.

Брытанскія ўладаньні раскіданы ўва ўсіх частках сьвету, ува ўсіх географічных шырынях. У межах брытанскіх уладаньняў, як з пыхаю кажуць ангельцы, ніколі не заходзіць сонца. (Чаму?).

У Брытанскай дзяржаве вырабляецца ўсё патрэбнае для чалавека. Сама Ангельшчына дае вугаль і ўсялякія фабрычныя вырабы; Канада дае збожжа, дрэва, хутры; міжзваротнікавыя колёніі ў Амэрыцы (Ямайка, Бр. Гваяна, Бр. Гондурас і інш.)—цукер, ром, какао, бананы, ананасы, каву. З раўніковай Афрыкі (Нігерыі, Бр. Усх. Афрыкі, Сьера-Леонэ, Залатога Берагу і г. д.) вывозяць каучук, пальмавы алей, сланёвую костку; з Эгіпту—рыс, баваўну; з Паўднёвай Афрыкі―воўну, золата, дыямэнты; з Індыі―джут, гарбату, цукер, баваўну; з інда-Кітаю―рыс і каштоўнае тэкавае