Перад сусьветнай вайной 1914 г. толькі Вялікабрытанія перавышала Гэрманію паводле свайго гандлю. Толькі пасьля вайны перамога Ангельшчыны і яе саюзьнікаў над Нямеччынай затрымала разьвіцьцё гэрманскага гандлю.
- Лежачы ў асяродку Заходняй Эўропы, Гэрманская старана здаўна зрабілася багатым гандлёвым краем. Росквіт гэрманскага гандлю прыпадае на тыя часы, калі да агульна-эўропэйскай культуры далучыліся ўсходня-эўропэйскія народы. Гэрманія зрабілася тады пасярэдніцай у гандлёвых зносінах высока-культурных італіі і Францыі з параўнаўча мала культурнымі Польшчай, Полаччынай (Беларусьсю), Кіеўшчынай (Украінай) і Ноўгарадам. Гэрманскія гандлёвыя гарады злучыліся тады ў так званы Ганзэйскі хаўрус, які трымаў у сваіх руках увесь гандаль на Балтыцкім моры і ўва ўсёй сярэдняй Эўропе. Ад часу вынаходкі Амэрыкі ўвагу эўропэйцаў перацягнуў да сябе Новы Сьвет: на чале эўропэйскіх дзяржаў апынуліся тыя, што ляжалі бліжэй да Атлянтыкі, а Гэрманская старана заняпала. Толькі ў XІX веку пачаўся новы пэрыод красаваньня гэрманскага гандлю. Гандлёвую вагу набылі тыя краі, у якіх знайшлося шмат пакладаў вугалю і жалеза, у якіх магла стварыцца буйная фабрычная прамысловасьць. Гэрманская старана была такім прамысловым краем і захапіла ў свае рукі між эўропэйскі гандаль.
- Разьвіцьцё гандлю і прамысловасьці ў Гэрманіі вымагалі многа працоўных рук. З гэтай прычыны ў ХХ веку значна зьменшылася высяленьне гэрманцаў за межы роднага краю. Даўней з Гэрманіі што-год выяжджала ў Амэрыку па некалькі сот тысяч чалавек, якія не маглі знайсьці на бацькаўшчыне працы і заработкаў. У апошнія гады выяжджае ў Амэрыку толькі па некалькі дзесяткаў тысяч людзей у год.
Насельнікі Гэрманіі пераважна бялявыя, высокія, сьветласкурыя і сьветлавокія, належаць да гэрманскіх народаў. На поўначы, на паўвостраве Ютляндыя і суседніх астравох, жывуць даньцы, якіх далучаюць да скандынаўскай галіны гэрманскага племя; у рэшце старонкі жывуць немцы, сярод якіх адразьняюць: 1) паўднёвых або вышніх немцаў, родзічаў швайцарскіх і аўстрыйскіх; 2) сярэдніх немцаў, мова якіх зрабілася агульнанямецкай пісьменнай мовай і 3) паўночных, або ніжніх немцаў, якія жывуць на Паўночна-Гэрманскай нізіне за выключэньнем Ютляндыі.
Да паўночных немцаў належаць між іншым і голяндцы, насельнікі дэльты Рэну, якія на сваёй гаворцы стварылі асобную багатую літаратуру і дзеля таго лічацца асобным народам.
Апроч таго, у Сярэдняй Нямеччыне ў ваколіцах места Бауцэн (Будзішын) жыве асобны славянскі народ-сэрбы-лужычане, або вэнды, на мове якіх гаворыць каля 100000 чалавек.
- Быў час, калі славянскія пляменьні (палабскія славяне, што жылі каля р. Лабы або Эльбы, паморы, што залюднялі паўднёвае ўзьбярэжжа Балтыцкага мора і іншыя жылі па ўсёй Усходняй Гэрманіі. З часам немцы заўладалі іх зямлёй і анямечылі іх, але й да сяго часу самі ўсходнія немцы маюць