сачыць ня вельмі выразныя адгор’і Пірэнэйскага ўкладу горных зморшчаў, якія дасягаюць значнай вышыні на ўсходзе ўжо у беспасрэднай блізкасьці да Альп, дзе яны маюць назоў Провансальскіх гор. Паўднёва-ўсходні куток краіны, што ўразаецца ў Міжземнае мора між Ліонскай і Гэнуйскай затокамі (а таксама адломаныя там ад сухазем’я гізрскія астравы), мае выгляд горсту і нагадвае горсты Тырэнскіх астравоў (Корсікі і Сардыніі).
Палажэньне Міжземнаморскай Францыі вельмі выгоднае. Лагчына, па якой цякуць Рона і яе прытока Саона, зьяўляецца адзінай дарогай ад берагоў Міжзем’я ў Сярэднюю і Паўночную Эўропу, дарогай на якой няма значных перашкод у стане папярочных горных ланцугоў. З гэтай прычыны Саонска-Ронская лагчына заўсёды была шляхам, па якім ішлі гандлёвыя і культурныя зносіны між Італіяй і іншымі міжземнымі старонамі з аднаго боку і Францыяй ды Нямеччынай - з другога. Па гэтай дарозе пасоўвалася рымская культура, пашыраючыся ў нашай частцы сьвету; па гэтай дарозе латыньская мова ўлілася ў Францускую старану.
Рона, галоўная рака Міжземнаморскай Францыі, пачынаецца у Альпах, заўсёды мае многа вады, бо жывіцца альпійскімі ледавікамі і зьяўляецца суднаходнай на усім сваім працягу ад сутокі з Саонай да дэльты. Самая дэльта аднак заносіцца пяском, так што параходы ледзь могуць праціснуцца з ракі ў мора.
- Дэльта гэтая адзначаецца вялікай колькасьцю балот і зьяўляецца добрым прытулкам для качак і іншых вадзяных птушак, што хаваюцца тутака паміж чаротаў і асакі. Даўней у гэтай дэльце пасьвіліся напалову дзікія коні, каровы і бавалы; цяпер і сюды заглянула культура, але нездаровае надбалотнае паветра і распаўсюджаныя тут трасцы й да гэтага часу робяць гэтую акругу нявыгоднай для жыцьця чалавека. Затое навокала суседнія мясцовасьці, дзякуючы цёпламу сонечнаму клімату, могуць лічыцца аднымі з найлепшых куточкаў Францыі.
Адгароджаная з усходу Альпамі, а з паўночнага захаду зрывістым краем Сярэдня-Францускага ўзвышша - Сэвэнамі, Міжземнаморская Францыя знаходзіцца пад беспасрэдным уплывам Міжземнага мора і карыстаецца тыповым падзваротнікавым кліматам, такім самым, як і паўднёвыя паўвостравы Эўропы. Лета тут сухое і гарачае, зіма і восень вільгатныя, цёплыя. (У Марсэлі сярэдняя тэмпэратура студзеня ±6,4°).
- Асаблівасьцю мясцовага клімату зьяўляецца халодны сухі паўночны вецер-містраль, які часамі што-дзень дзьме гэтак моцна, ажна зьбівае з ног людзей, коняй і перакульвае цягнікі. Пад уціскам гэтага ветру ўсе дрэвы Ронскай даліны пахіліліся сваімі верхавінамі на поўдзень.
Падзваротнікавы клімат Міжземнаморскай Францыі спрыяе разьвіцьцю там багатай расьліннасьці. Паўсюды там вельмі добра ўзрастаюць морва, і вечназялёныя хмызьнякі ляўраў і міртаў, вечназялёныя дубы, міжземнаморская хвоя і купрэсы.