выя людзі з даўгім чэрапам і блакітнымі вачыма. Сярод моў пераважваюць гэрманскія, хаця на ўскрайках трапляюцца народы, якія ўжываюць іншыя мовы (якія?).
Паважнасьць, пакойнасьць, самапэўнасьць адразьняюць эўропэйцаў паўночна-заходніх ад паўднёвых.
Паводле асаблівасьцяй прыроды і люднасьці Заходнюю Эўропу можна падзяліць на 7 старон: Ісляндыю, Брытанскія астравы, Фінска-Скандынаўскі паўвостраў і Гэрманскую старану, у якіх пераважваюць гэрманскія мовы, Францускую старану з перавагай романскіх моў, і Польшчу і Чэскі масыў, у якіх большасьць складаюць славяне.
Ісляндыя.
У паўночнай частцы Атлянтычнага акіяну каля падканцавоснага кола ляжыць асобны, досыць вялікі востраў Ісляндыя. (Азнач палажэньне гэтага вострава). Гэта — плоскаўзвышша, складзенае з астыглай лявы і багатае дзейнымі і згаслымі вульканамі. Найвялікшы з дзейных вульканаў Гекла (1557 мэтраў н. р. м.) за апошнюю тысячу гадоў даў 18 магутных страшэнных выбухаў. Апроч Геклы, на востраве ёсьць яшчэ каля двох дзесяткаў дзейных вульканаў, некаторыя з якіх стаяць па некалькі ў шэраг і выкідаюць цераз свае жэралы ляву ўсе разам, адначасна. Месцам лява вылівалася проста праз шчыліны ў земнай кары, якія цягнуцца на дзесяткі вёрст. Згаслых вульканаў тут яшчэ болей, як дзейных; да іх належаць і самыя высокія горы Ісляндыі (Орэфа-Ёкуль мае ўвышкі 1959 м. н. р. м). Выкінутая вульканамі лява месцам астыгла толькі на сваёй паверхні, а пад сподам, у глыбіні, яшчэ й да сяго часу засталася гарачай, можа нават і не ацьвярдзелай. Крыніцы, што выходзяць з-пад зямлі, у такіх месцах маюць цёплую, а часамі гарачую, як вар, ваду. Некаторыя з гэтых крыніц рэгулярна выкідаюць вар фонтанам на значную вышыню ў паветра. Такія крыніцы завуцца гэйзарамі, а выбухі іх тлумачацца тым, што ў гарачай вадзе іх яшчэ пад зямлёй утвараецца пара, якая пэрыодычна раптам вырываецца ў паветра і цягне з сабой ваду.
У ледавіковую эпоху ўсю Ісляндыю пакрываў вялікі ледавік; да сучаснага моманту засталіся толькі маленькія рэшткі яго, але й цяпер прыблізна сëмую частку вострава апранае вечны сьнег і лёд. У тых мясцовасьцях, якія ляжаць пад сьнегам і лёдам, асабліва небясьпечнымі зьяўляюцца выбухі вульканаў. У час выбуху раптам растае шмат лёду і сьнегу, вада ад якіх залівае паселішчы, гароды, поплавы.
Берагі Ісляндыі на поўначы, на захадзе і на ўсходзе зрывістыя, скалаватыя, высокія, пашматаныя глыбокімі вузкімі затокамі, а на поўдні, наадварот, — берагі адхонныя, пескаватыя, нізкія, роўныя. Дзякуючы Гольфштрому, на дарозе якога ляжаць паўднёвыя берагі вострава, мора там не замярзае