на вываз за межы і для мясцовага ўжытку гарматы, стрэльбы, бліндажы, нажы, розныя машыны і г. д. Яшчэ большую вагу мае выраб крамніны. Няма ніводнай краіны, якая-б магла раўняцца з Паўднёва-Заходняй Ангельшчынай па вырабе баваўнянкі. З Брытанскіх колёній, з Злучаных Штатаў, з Кітаю і Японіі прывозяць сюды баваўняную сырыну, тут перарабляюць і ўжо апрацованую вывозяць адгэтуль ува ўсе староны сьвету. Можна сказаць, што палова ўсіх людзей зямлі апранаецца ў ангельскую баваўняную вопратку.
Пачэснае месца ў прамысловасьці Заходняй Ангельшчыны займае і апрацоўка воўны, выраб сукна, драпу і г. д.
На тутэйшых фабрыках апрацоўваецца як мясцовая, гэтак і чужаземная воўна з Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі, Аргентыны, Расіі. Ангельскія ткацкія фабрыкі перарабляюць беларускі і расійскі лён, індыйскі джут, беларускія, расійскія і ўкраінскія каноплі і г. д. Добрае становішча мае ў краіне апрацоўка каўчуку, медзі, цынку, выраб розных хімічных тавараў, між іншым фарбы і г. д.
Насельнікі Заходняй Ангельшчыны зьяўляюцца патомкамі даўных кельцкіх народаў Вялікабрытаніі; уплывы англа-саксаў на іх адбіліся значна слабей, як на ўсходніх ангельцах.
У Ўэльсе, Корнуэльсе, на астравох Энглезі й Мэн насельнікі могуць лічыцца болей-меней чыстымі кельтамі. Праўда, шматвяковая сувязь з Усходняй Ангельшчынай згладзіла некаторыя асаблівасьці заходніх ангельцаў; насельнікі Корнуэльсу і вострава Мэн ужо 200 гадоў гавораць паангельску, і толькі на Энглезі і ў Уэльсе да сяго часу ужываецца кельцкая мова.
- Нацыянальныя асаблівасьці тут зусім зьнікаюць у параўнаньні з розьніцай між клясамі, якая ў Заходняй Ангельшчыне выяўляецца выразьней, як у іншых краёх Эўропы. З прычыны магутнага разьвіцьця буйной прамысловасьці люднасьць тут спролетарызавалася мацней, як дзе яшчэ. Тут не застаецца месца для дробных уласьнікаў-саматужнікаў. Ня маючы магчымасьці саматугам вырабляць такія танныя тавары, якія вырабляюцца машынамі на фабрыках, саматужнікі мусілі зачыніць свае дробныя майстэрні і йсьці наймацца на фабрыку багатыроў-капіталістых. Такім чынам тут амаль-што не засталося дробных уласьнікаў, і ўвесь народ падзяліўся на дзьве вялікія варожыя адна да аднэй клясы: нямногалічных капіталістых і вялікую грамаду пазбаўленых уласнасьці работнікаў.
- Каб лягчэй трымаць у сябе ў экономічнай залежнасьці работнікаў, капіталістыя злучаюцца ў саюзы, з якіх наймацнейшы — "Фэдэрацыя Брытанскай Прамысловасьці" — ахапляе ўсе бакі брытанскай гаспадаркі і фактычна кіруе ўсёю брытанскаю політыкаю. З свайго боку работнікі Ангельшчыны пачалі, раней як дзе, гуртавацца ў профсаюзы (так званыя трэд-уніоны) для змаганьня з капіталістымі за лепшыя варункі жыцьця. Профсаюзы кіруюць забастоўкамі работнікаў, падтрымліваюць беспрацоўных