Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вясёлыя куточкі з прыгожым краявідам сустракаюцца яшчэ ў горах Кумбэрленду па берагох выдраных даўнымі ледавікамі вазёрак. Па іншых мясцовасьцях краіны прырода адступае на другі плян перад чалавекам, які з сваімі фабрыкамі й капальнямі ўплывае на краявід болей, як расьліна і глеба.

Нават у параўнаўча бедных падземным багацьцем мясцовасьцях рудні й капальні спатыкаюцца не радзей, як двары ды фэрмы; у тых-жа месцах, дзе здабываюць вугаль, гарады стаяць адзін каля другога, капальні й гуты, рудні й фабрыкі кідаюцца ў вочы ўсюды, куды ні зірнеш.

Паўсюды там ляжаць вялікія кучы вугалю; вугальны пыл лётае ў паветры, вугаль пакрывае тонкім пластком дахі й сьцены будынкаў, твары і адзеньне працоўнага люду. Там няма тэй цішы й пакою, якім адзначаюцца некаторыя мясцовасьці Ўсходняй Ангельшчыны. У вушох зьвініць ад гукаў фабрычных гудкоў, гоману людзкіх галасоў, грукату машын, сьвісту цягнікоў. Усю сваю сілу і здольнасьць чалавек аддае там на тое, каб лепей скарыстаць паклады вугалю. Там усе працуюць, усе заклапочаныя, ніхто ня мае вольнага часу і ў будзённы дзень ніхто ня ведае адпачынку.

Галоўныя мясцовасьці, у якіх здабываюць каменны вугаль, знаходзяцца ў Паўднёвым Ўэльсе, дзе залягае найлепшы ў сьвеце антрацыт, у Сярэдня-Ангельскім узгор'і, абапал паўднёвай часткі Пэнінскіх гор і на крайнім паўночным усходзе, дзе Паўночна-Заходняя Ангельшчына дасягае Нямецкага мора. Больш за ўсё ў краіне вугалю; на другім месцы стаіць здабываньне жалеза. Хаця жалезную руду знаходзяць блізка-што па ўсёй краіне, але па здабываньні яе Ангельшчына ўжо страціла першае месца ў Эўропе.



У Корнуэльсе знаходзяць яшчэ цыну, капаюць лепшую парцалянавую гліну, у Ўэльсе і на востраве Мэн трапляецца цынк і волава, у Корнуэльсе і Ўэльсе — медзь, на Кумбэрлендзе ламаюць графіт, у паўночным Ўэльсе — лупняк. Наагул багацьці краіны могуць звацца нязьлічанымі, і толькі Злучаныя Штаты перавышаюць яе па колькасьці карысных мінэралаў ды Нямеччына ў апошнія гады падраўнялася з ёй і можа поплеч ісьці ў паступовым пашырэньні сваёй прамысловасьці.

Большую частку здабытага вугалю ангельцы паляць на ўласных фабрыках. Асабліва многа гэтага апалу ідзе на выплаўку жалеза. З чыгуну, сталі і жалеза ў Паўночна-Заходняй Ангельшчыне вырабляюць