Заходняя Эўропа.
Заходняя, або, дакладней кажучы, паўночна-заходняя частка Эўропы мае асабліва выгодны абрыс. Берагавая лінія гэтага краю надзвычайна зьвілістая і даўгая. Морскія затокі і бухты глыбока ўразаюцца тут у контынэнт, і ўплывы мора адчуваюцца тут мацней, як у іншых абшарах Эўропы.
Раўніны займаюць тутака значна большую плошчу, як у Паўднёвай Эўропе. Гор і тут досыць многа, але гэтыя горы маюць выгляд звычайна нявысокіх масыўных горстаў з акругленымі вярхамі і адхоннымі схіламі. (Успомні пахаджэньне горстаў). З горстамі чаргуюцца ўзгаркаватыя нізіны і плоскаўзвышшы, часта, асабліва на поўначы, абшарпаныя і паабдзіраныя даўнымі ледавікамі або пакрытыя ледавіковым навалам. На поўдні замест ледавіковых адкладаў ляжаць на паверхні нягрубыя пласты лёзсу, але паўсюды грунты нанесеныя ў адзнаку ад мясцовых грунтоў, пашыраных па горных схілах Паўднёвай Эўропы.
Мерны морскі клімат без сьпякоты, але й без халадоў, пануе паўсюды ў Заходняй Эўропе. Нават тая частка Заходняй Эўропы, што ляжыць на поўнач ад падканцавоснага кола, пад уплывам Гольфштрому мае не халодны, а мерны клімат. Заходнія вятры з акіяну заўсёды прыносяць сюды вільгатнае надморскае паветра. Хмары і воблакі заўсёды плывуць па небасхіле, дажджу хапае як улетку, гэтак і ўзімку. Сьнег выпадае рэдка, ляжыць нядоўга, часта сходзіць і ня зьбіраецца за зіму грубым пластом, як на ўсходзе. З гэтай прычыны рэкі Заходняй Эўропы разьліваюцца не ўвясну, як у нас, а ўлетку, калі там параўнаўча прахалодна; узімку рэдка замярзаюць, і заўсёды зьяўляюцца глыбокімі і поўнаводнымі. Параходны рух адбываецца па рэках бязмаль-што цэлы год без перарываў. Дзікая расьліннасьць на захадзе Эўропы яшчэ меней уплывае на краявід, як на поўдні. Даўнейшыя мяшаныя лясы, якія пакрывалі калісь большую частку гэтага краю, замяніліся на нівы й сенажаці. Чалавек павысякаў, расьцерабіў, выкарчаваў лясы, а там, дзе лічыў патрэбным захаваць іх, завёў правільную лясную гаспадарку. Прыродныя лясы, у якіх пераважвалі букі, дубы, кляны, грабы і ліпы, зрабіліся рэдкасьцю. На іх месцы дзе-ні-дзе зьявіліся штучныя, узгадаваныя чалавекам лясы хвой ды іншых ігластых дрэў. Толькі пад аховай уласьнікаў у сярэдняй