Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У Ракаве (Менск. пав). робяць драўляныя малатарні і арфы, якія вельмі падабаюцца гаспадаром дзеля прастаты устройства і лёгкасьці рамонту.

У Чавусскім і Клімавіцкім паветах шмат рамясьнікоў займаюцца вырабам рэшатаў і бёрдаў. Для гэтых мэтаў там жа, а так сама і ў іншых мяйсцовасьцях, дзяруць ліповую кару на лыкі. Шмат дзе плятуць на продаж кошыкі з лазы. А ў Лахві (Мозыр. пав). плятуць кошыкі з ракітавага караня.

З іншых хатніх рамёслаў трэба ўспомніць аб шавецтве і кравецтве, пашыраных больш-менш усюдых, аб гарбарстве, глаўным чынам аб вырабцы кажухоў і аб прыгатаваньню жорнаў, якое асабліва пошырана ў Аршанскім і Сеннінскім пав. Урэшце ў Гомельскім і Чавусскім паветах пашырана валеньне шапак і вайлакоў. Асабліва гэтае рамясло разьвіта ў мяст. Дрыбіне (Чавусск. пав).

Мескія рамясьнікі.

У нашых мястох і мястэчках значная частка жыхараў займаецца рамёсламі. Сярод местачковых рамясьнікоў найбольш шаўцоў, краўцоў, муляроў, кавалёў, сталяроў і інш. Местачковыя рамясьнікі працуюць на ўсе акалічныя вёскі і двары, і робяць тавар на заказ.

У мястох апроч гэтых рамясьнікоў зьяўляецца шмат новых прафэсый, вызваных патрэбамі мескіх жыхараў. Апроч таго зьяўляецца шмат рамясьнікоў, якія ўжо працуюць не на заказ, але для магазынаў і крамаў. Іхныя вырабы называюцца звычайна тандэтнымі; яны бываюць звычайна ня вельмі трывалыя, за тое вельмі танныя і дзеля гэтага маюць самы шырокі збыт.

Такога роду рамёслы найбольш разьвіты ў вялікіх мястох. У Вільні і Віцебску вельмі многа вырабляецца гатовай адзежы. Гэтак сама ў Вільні і яшчэ ў Менску вырабляецца харошае тандэтнае абуцьцё. Апроч таго ў Вільні некалькі сотняў рамясьнікоў займаецца абработкаю дарагіх скурак, якія закупляюцца ў Расеі і навет у Нямеччыне і шыцьцём з іх футраў. Наколькі разьвіты гэтыя рамёслы паказуе тое, што беларуская адзежа і абуцьцё разыходзіліся па ўсёй даўнейшай Расеі.

Хвабрычна-заводзкая прамысловасьць.

Хвабрык і заводаў на Беларусі мала, а якія і ёсьць, то найбольш дробныя. У справе хвабрычна-заводзкай прамысловасьці Беларусь вельмі адстала. Яна вырабляла перад вайной усіх хвабрычных прадуктаў ня больш як на 150 міліёнаў рублёў, тым часам як Расейская толькі Польшча вырабляла на 800 міліёнаў, а ў Маскоўшчыне толькі прамысловасць Падмаскоўскага району давала тавараў больш чым на міліярд рублёў.