Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

домыя тады са свайго хараства па ўсім сьвеце. Ткалі ў нас і дываны, на якіх вытыкаліся цэлыя малюнкі ды абразы.

Цяперака ў той самай Случчыне вырабляюць толькі тыя тканіны, якія патрэбны для штодзеннага ўжытку сялян.

Ткацтва пашырана ўва ўсёй Беларусі; толькі хіба у ўсходняй Смаленшчыне яно мала дзе ёсьць. У рэшце Бэларусі сялянства адзяецца ў вопратку дамовага вырабу. Праўда, верхняя вопратка, асабліва сьвяточная і ў маладзежы, бывае крамная. Гэта асабліва значна ў заходняй Беларусі і каля гарадоў. У ўсходняй-жа і паўднёвай ад Слуцку да Смаленску пануе ўсюдых і верхняя вопратка свае работы.

У большай часьці вясковай Беларусі ткуць усе кабеты. Ткуць яны — паясы, палатно, ручнікі, сурвэты, гунькі, коўдры, дываны, сукно, корт і інш. Усе гэтыя тканіны маюць чыста беларускі рысунак, які перадаецца ад матак дачкам.

Цяперашняе ткацтва на Беларусі абслужуе найбольш сялянства. Аднак у апошнія часы, за прыкладам іншых старонак, сталі заводзіцца і ў нас ткацкія школы. Піонэркай у гэтай справе была пані Моль, якая залажыла школу ў Рэжыцы. Дзякуючы працы гэтай школы стала ізноў разьвівацца ў нас артыстычнае ткацтва. Пазакладаліся варштаты ў шмат якіх дварох у Наддзьвіньні і Вілейшчыне. На жаль толькі Рэжыцкая школа мала займалася беларускімі матывамі ў рысунках тканін. Рысункі браліся найбольш польскія з-пад Кракава. А як заводзілі школу маскоўцы — дык яны заводзілі маскоўскія дэсані.

Другім досіць важным хатнім рамяслом ёсьць ганчарства і вырабы з гліны. Гэтыя рамёслы даюць таннае, але досіць грубога выгляду судзьдзё. Займаюцца імі ўсюдых. Найбольш вядомы ганчары з Крэва (Ашмян. пав.), Дзісны, Чашнікаў (Лепельск. пав.), Чарняўкі (Барысаўскі пав.) і Горадна (Пінскі павет).

У Івенцы (Менск. пав.) вырабляюць добрыя кахлі (для печак). У Лепельскім павеце шмат людзей займаецца вырабам цэглы.

Дзякуючы багацьцю лесам у Беларусі досіць пашыраны хатнія рамёслы драўляных вырабаў.

Стальмахоў (што робяць калёсы) найбольш у Ігуменскім пав., у Лідзкім, Чавусскім, Аршанскім паветах і ў Смаленшчыне. Можна гэтых майстроў спаткаць блізка ў кожным мястэчку. Яшчэ больш пашырана рамясло бандарскае. У Смаленшчыне (Красьненскі павет) робяць шмат лыжак і точанай драўлянай пасуды.

У Глуску і Любані (Бабруйск. пав). і ў Старобіне (Слуцк. пав.) і ў Магілеўшчыне робяць драўляныя мэблі, — шафы, сталы, ложкі і інш., а так сама пасуду. Сталяроў, наагул кажучы, ёсьць досіць многа і яны, ня маючы працы, часта займяюцца цесьлярскай работай.