Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тка мяшчанства некаторых мест, як прыкл. Вільні. Па перапісу 1897 г. — (а яго робілі людзі безстаронныя — маскоўскія ўраднікі[1]) ні палякі, ні беларусы), палякоў у Беларусі ўсіх каля 4%. Найбалей палякоў у Віленшчыне і Горадзеншчыне. У Магілеўшчыне іх вельмі мала, а ў Смаленшчыне зусім няма.

Маскоўцы.

Маскоўцы сяліліся ў Беларусі за часоў маскоўскага панаваньня. Маскоўскі ўрад, хочучы як наймацней зьвязаць Беларусь з Маскоўшчынаю прысылаў сюды сваіх ураднікаў, духоўнікоў, раздаваў маемасьці маскоўскім вяльможам і перасяляў навет маскоўскіх сялян на беларускую зямлю. Найбалей такога насыльнага элемэнту ў усходняй Беларусі, асабліва ў Смаленшчыне.

Апрыч таго ў Беларусі шмат жыве маскоўцаў — старавераў, якія перабраліся сюды з Маскоўшчыны самі ў XVII веку і пазьней, уцякаючы ад тамашняга рэлігійнага ўціску.

Найбалей старавераў жыве ў двух гнёздах — адно каля Новазыбкава і другое каля Дзьвінску. Каля Дзьвінску жыве іх шмат у Брацлаўскім, Дзісьненскім і Сьвянцянскім паветах. Есьць іх крыху ў Віцебшчыне.

Навазыбкаўскія стараверы жывуць найбалей вялікімі сёламі пасадамі.

Жывуць стараверы і ў іншых мясцох Беларусі. Займаюцца яны найбалей рамяслом, майстроўкай, гародніцтвам і гандлем.

Заняткі насяленьня Беларусі.

Сельская гаспадарка.

Блізу тры чвэрці насяленьня Беларусі займаецца каля зямлі. Рэшта — працуе на хвабрыках, займаецца рамяством, гандлем і ўсякаю службаю і жыве найбольш у мястох.

У тых краінах Беларусі, дзе ёсьць вялікія месты, дзе шмат хвабрыкаў і заводаў, там менш людзей працуе каля зямлі, а больш мае іншыя заняткі. На ўсходзе Беларусі найбольш народу займаецца гаспадаркаю, на захадзе-ж, — у Горадзеншчыне, — наадварот, найменш. Аднак і ў Горадзеншчыне з сотні чалавек больш як 60 займаецца каля зямлі.

Гэткім парадкам Беларусь трэба лічыць краем зямляробскім. Паглядзём жа цяпер, як стаіць у нас гаспадарка і ў якіх яна варунках.

  1. Чыноўнікі.