Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

была заселена яшчэ ў самай далёкай мінуўшчыне — балей за 1500 гадоў назад. Ведама, цяжка ўгадаць які тады тут народ жыў, але некаторыя вучоныя думаюць, што гэта маглі быць прэдкі беларусаў. На берагох тады яшчэ быўшага Гэродотавага мора яны жылі цэлымі аселіцамі, вёскамі; далей-жа на поўнач, у Наддзьвіньне заходзілі толькі невялікія групы іх. Народ гэты ўжо вёў гандаль з сваймі суседзямі.

У пазьнейшыя часы аб нашай старане пачалі пісаць розныя грэцкія географы і гісторыкі. Яны зьмяшчалі тут народы з рознымі іменьнямі, апавядалі аб іх і аб самай старане шмат фантастычнага, але іхныя весткі мала памогуць нам дзеля свае супярэчнасьці. Вучоныя нашых часоў будуюць свае ўласныя гіпотэзы аб тым які народ жыў на прасторах цяперашняе Беларусі і чым ён займаўся.

Лічаць, што досыць значная частка Беларусі ў даўныя часы была занята літоўскімі і фінскімі пляменьнямі; асабліва першымі. Аднак у Прыпяцкім Палесьсі аж да Бярэзіны, як усе згаджаюцца, жыў народ славянскага плямя — прэдкі беларусаў. З часам яны крыху адціснулі сваіх суседзяў — адных на захад, другіх на паўночны ўсход і занялі блізка той прастор, які цяпер займае Беларускі Народ.

Гістарычныя межы незалежнае Беларусі.

Подлуг першага летапісу ў ІХ веку на Беларускай Зямлі жылі тры славянскія пляменьні — крывічы, дрыгвічы і радзімічы.

Крывічы займалі паўночную Беларусь. Яны жылі па ўсім Наддзьвіньні і па верхнім Дняпры і спускаліся на паўдня аж да Вельлі і вытокаў Сожа і Дзясны. На поўнач і ўсход пад крывічамі лічыліся прасторы ляжачыя за цяперашнімі межамі Беларусі, найбалей ля Верхняе Волгі і яе прытокаў. У зямлі крывічоў былі такія гарады, як Полацак, Віцебск, Смаленск, Менск, Лагойск і шмат іншых.

Дрыгвічы займалі Прыпяцкае Палесьсе і Наднёманскі край. На ўсходзе іхныя сёлы даходзілі да Дняпра, на захадзе — да Бугу і Нарві. Іхнымі найвялікшымі гарадамі былі — Тураў, Мозыр, Барэсьце, Драгічын, Горадзен і Слуцак.

Частка плямя Дрыгвічоў у часох перасяленьня народаў пакінула свой край, прабілася на Балканскі паўвостраў і асела навакол Салонік. Грэкі звалі іх Другувітамі. Мовы Другувітаў навучыліся сьв. Кірыла і Мефодзій.

Радзімічы жылі ля Сожа і займалі ўвесь край паміж Дняпром і Дзясною. Іхнія паўдневыя і ўсходнія межы йдуць блізка што па цяперашняй мяжы Беларусі. На Дзясьне яны сустракаліся з Северанамі, а па Жыздры (прыток Окі) з Вяцічамі — двума суседнімі славянскімі пляменьнямі. На поўначы яны ня йшлі далей лініі Ельня—Мсьціслаў—Магілеў.