Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паўдня ад Менску. Там-жа расьце на дрэвах паразіт омела. У Прыпяцкім і Берасьцейскім Палесьсі расьце ракіта. Урэшце трэба сказаць, што ў паўночнай Віцебшчыне і Смаленшчыне ўжо не растуць сьлівы, а цёрн далей на паўночны-ўсход за Меншчыну і Магілеўшчыну ня йдзе.

Зьвярынае царства.

Даўней у Беларусі было шмат усякае зьвярыны. Былі часы, калі галоўным заняткам і спосабам пражыўленьня нашых прэдкаў было паляванне. Прэдкі нашыя найбалей гандлявалі дарагімі зьвярынымі скурамі — ды імі-ж і падаткі навет плацілі. Цяперака няма тых лясоў, няма тае зьвярыны.

Як памятка мінуўшчыны застаўся ў Белавежскай пушчы зубр. Па ўсёй Эўропе ўжо павыміралі ўсе яго сваякі і толькі на Каўказе ў горах засталіся. Ды і ў Белавежскай пушчы зуброў менее і менее. Цяпер іх некалькі сотняў. Яны ўжо досыць асвоеныя з чалавекам. Узімку іх падкормлююць сенам, зумысьля на гэта прыгатованым.

На палескіх рэчках каля Прыпяці і Бярэзіны сустракаюцца яшчэ хоць вельмі рэдка — бабры. І хоць кажа прыслоўе: „хто заб‘ець бабра, ня будзе мець дабра“ аднак баброў не шкадуючы зьніштажаюць дзеля дарагое шкуркі. Рэдка пачынае сустракацца ўжо ў нашых лясох і такая зьвярына, як мядзьведзь, лось, сарна, дзік, рысь. Затое хапае ваўкоў, лісоў, зайцоў і іншае драбнейшае зьвярыны. Трапляюцца часамі горнастаі і куніцы. Ля рэчак і азёр жывуць выдры.

Закон заўсёды абараняў зьвярыну ад лупежнага зьніштажэньня. Ашчаджалі яе і лепшыя гаспадары лясоў. Аднак мала гэта памагае. Радзеюць лясы, а паляўнічых усё прыбывае.

Ды найбольш нішчыцца зьвярыны ў часе войнаў. Асабліва страшныя былі для зьвярыны 1812 і 1863 гады, калі ў лясох адбывалася партызанская вайна.

Мінэральныя багацьці.

Мінэральныя багацьці Беларусі невялікія, дый тыя, якія ёсьць, зусім блізка не абсьледжаны. Зялезныя руды сустракаюцца ў Смаленшчыне і Віцебшчыне, але мала вядомы. Шмат балей увагі зварочавалася на балотную зялезную руду. Сустракаецца гэтая руда ўсюдых, але найбалей у Палесьсі. У мінуўшым вяку шмат дзе працавалі гуты, якія выплаўлялі з гэнае руды зялеза, але гэныя гуты пазакрываліся, бо руда аказалася ня прыгоднаю для выплаўкі. У балотах таксама сустракаецца охра, з якой робяць хварбу.

Каля Мозыра на беразе Прыпяці ляжыць досыць таўсты пласт бурага вугаля. У Лідзкім павеце знаходзяць лігніт.