Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у XV веку, пабудаваны земляны замак. Моцны быў гэты замак, але ня вытрымаў напору маскоўскага: у 1514 гаду ўзяў Смаленск Васіль III. Быў Смаленск пад Масквою аж да 1611 году. Маскоўцы ў часы Барыса Гадунова пабудавалі вакол места аграмадную сьцяну, — шырынёю ў 1 сажань, вышынёю ў 2 сажані, а даўжыні 7 вёрст. Сьцяна гэтая перахавалася да нашых часоў.

Трудна было адабраць Смаленск ад Масквы. Войскі літоўска-польскія дваццаць месяцаў стаялі пад ім, пакуль узялі.

Ізноў аджыў Смаленск, злучаны з рэштаю Беларусі. За 40 якіх гадоў яго было не пазнаць. Ен моцна вырас, пабагацеў, а глаўнае, зрабіўся чыста эўрапейскім местам. У ім было ўведзена магдэбургскае права, шмат наехала і пасялілася люднасьці з заходніх краінаў Беларусі. Побач с праваслаўнымі цэрквамі пазакладаліся і каталіцкія касьцёлы ды манастыры. Але ў 1654 гаду Смаленск ізноў адабралі Маскоўцы і зараз-жа скасавалі ўсе парадкі беларускія, а завялі Маскоўскія. Шмат беларускай люднасьці вывязьлі з Смаленску, а на яе мейсца пачалі сяліцца маскоўцы.

У 1812 гаду Смаленск моцна пацярпеў ад французаў.

Смаленск цяпер адзін з найпякнейшых і найцікавейшых гарадоў Беларусі. Места гэта перахавала гэталькі памятак слаўнай беларускай мінуўшчыны, як можа ніякае другое. Праўда, большаю часьцю, яны ляжаць у руінах. Але гэтыя руіны павінны быць бязьмерна мілымі і дарагімі кожнаму беларусу. З пад Маскоўскага налёту, асеўшага на Смаленску, яны найвыразьней гавораць аб тым, што тут беларуская зямля была, ёсьць і будзе.

З уцалеўшых старасьвецкіх будынкаў трэба ўспомніць перад усім Сьвірскую царкву, пабудаваную ў XII веку. Знаходзіцца яна на прадмесьці, дзе некалісь быў княжы замак; перахавалася гэтая царква да нашых часоў ува ўсёй сваёй пекнаце. Есьць у ёй надзвычайна цікавы абраз Прачыстай беларускага рысунку. На яго адваротнай старане знаходзіцца беларускі надпіс, якога дагэтуль яшчэ ніхто ня змог прачытаць. За Дняпром стаіць яшчэ старэйшая Петра-Паўлаўская царква, якую, праўда, пазьней перараблялі.

У старай цэркаўцы Спаса знаходзіцца вельмі стары цудоўны абраз Прачыстай — Уміленьня, а ў надзвычайна пекным саборы, які высіцца на гарэ над горадам і Дняпром, знаходзіцца слаўны абраз Прачыстай Одігітрыя.

Сьцены Смаленскія надаюць гораду шмат хараства; на іх перахавялася яшчэ шмат вежаў. З вежы, якая называецца „Весялухаю“, адкрываецца цудоўны від на места і яго ваколіцы.

З гандлёвага і прамысловага боку Смаленск не вызначаецца. Абслужуе ён толькі бліжэйшыя паветы сваёй краіны. Хвабрыкі яго невялікія — некалькі аляярняў, табачаная хвабрыка, гарбарня, бровар. Моцна аджыўляюць яго чыгункі, якія з Смаленску разыходзяцца ў 5-х кірунках. На Дняпры ёсьць значная прыстань.