Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ХІV. Смаленшчына.

У паўночна-ўсходнім куце Беларусі, на вярхоўях Дняпра і Дзьвіны ды іх прытокаў (Мяжа, Каспля і інш.), разьляглася абшырная Смаленская Краіна. Да яе мы адносім паветы: Смаленскі, Ельнінскі, Дарагабужскі, Духаўшчынскі, Бельскі, і Нарэцкі Смаленскай губэрні, Вяліжскі павет Віцебскай губ. і беларускія часткі сумежных паветаў Пскоўскай губ. (Вяліка-Луцкага, Тарапецкага), Цьверскай губ. (Асташкаўскага, Ржэўскага) і ўрэшце Калужскай губ. (Жыздрынскага і Масальскага пав.).

Паміж асобнымі паветамі гэтай краіны, асабліва з боку прыроднага, можна знайсьці шмат рожніцы. Нічога дзіўнага ў тым няма, бо краіна цягнецца больш, як на 200 вёрст з усходу на захад і столькі-ж — з поўначы на паўдня. Але з боку эканамічнага і гістарычнага краіна мае шмат супольнага. Гэта тлумачыцца тым, што ўвесь гэты абшар заўсёды быў зьвязаны з Смаленскам, зьвязаны з ім і дагэтуль. У апісаньні краіны мы будзем рэзка падкрасьляць рожніцы паміж яе часткамі.

Ужо па будове паверхні трэба разьдзяліць Смаленшчыну на дзьве часьці. Усход краіны, — паветы Бельскі, Дарагабужскі і Ельнінскі, — ляжыць на ўзвышшы Окаўскага лесу, якое як ужо гаворана, адзначаецца там, што мае паверхню раўнінную, ня гледзячы на значную сваю высачыню, і пакрыта глаўным чынам лёссавіднымі суглінкамі, ў якіх няма саўсім каменяў, навет дробных. Няма так сама на Окаўскім лесе і вазёраў. А толькі ў паніжаных майсцовасьцях ляжаць там часамі вялікія імшары — тарфяныя балоты.

Саўсім іншы абраз уяўляе захад Смаленшчыны, — марэнны край. Далёка менш падняты над морам, ён аднак мяйсцамі робіць ўражэньне горнага краю (Смаленскае ўзгор‘е). Наагул паверхня яго няроўная. Пакрыты ён, глаўным чынам, супяскамі, хаця шмат ёсьць суглінкаў, падзолаў і пяшчаных грунтоў. Але ва ўсіх гэтых грунтох ёсьць каменьні. Часамі каменьня бывае гэтак шмат, што яно перашкаджае вырабу зямлі. Сярод узгоркаў ляжыць тут шмат вазёраў, як і ў суседняй Віцебшчыне.

Марэнны край абымае паветы Вяліжскі, Парэцкі, Смаленскі, большую частку Духаўшчынскага і невялікую (заходнюю) частку Бельскага пав.

Найвышэйшыя пункты ў марэнным краю знаходзяцца на мяжы Духаўшчынскага і Парэцкага пав., у вярхоўях р. Хмосьці. Найвышэйшая частка Окаўскага лесу (каля 150 саж.) знаходзіцца каля м. Ельні і называецца Ельнінскім Вузлом (бо адгэтуль ува ўсе бакі разьбягаюцца рэкі — Сож, Дзясна, Угра і інш.)

Цераз Смаленшчыну наскрозь праходзіць вялікі Эўрапейскі Вададзел, які тут дзеліць басэйны Дзьвіны і Дняпра. А па ўсходняй мяжы краіны йдзець вададзел Касьпійска-Чарнаморскі і Касьпійска-Балтыцкі. З Окаўскага лесу пачынаецца шмат прытокаў р. Волгі і р. Окі (р. Угра, Малады Туд, Жукопа). Та-