Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У павеце досіць многа пільняў, бравароў і крахмальняў. Есьць так сама вялікая шкляная гута. Шмат люднасьці зарабляе ў лесе і на сплаве.



X. Верхне-Бярэзінская краіна.

Верхне-Бярэзінская краіна складаецца з паветаў Ігуменьскага і Барысаўскага. Пасярэдзіне яе працякае Бярэзіна са сваімі прытокамі, а ў яе заходняй часьці — Птыч і верхні Нёман, які тут-жа, на захадзе Ігуменьскага пав., і пачынаецца. Мяйсцовасьць у заходняй часьці, асабліва ў Барысаўскім пав., паднятая, гарыстая. Сюды заходзіць частка Менскага ўзгор‘я. На паўночным усходзе Барысаўскага пав., каля Халопеніч, падымаюцца ўзгор‘і Катарсаў. Рэшта-ж краіны, асабліва яе паўднёвая частка і паяс уздоўж р. Бярэзіны, з‘яўляюцца роўнаю нізінаю. Гэтая нізіна пакрыта блізка ўсюдых пяшчанымі грунтамі з хваёвымі барамі на іх; на паўдні Ігуменьскага павету апроч таго знаходзіцца шмат трасніковых балотаў, што надае гэтай мяйсцовасьці палескі характар і робіць яе як-бы працягам Бабруйскага Палесься. Паднятыя часьці краіны маюць грунты найбольш супяшчаныя, часамі досіць ураджайныя, а дзе-ня-дзе трапляюцца і суглінкі.

Значная часьць краіны, каля ⅖ цэлага яе прастору, пакрыта аграмаднымі лясамі; на паўдні краіны спатыкаецца шмат ліставых лясоў, на поўначы ў лясох найбольш хвоі ды елкі. Асабліваю лясістасьцю адзначаецца часьць краіны, што ляжыць на ўсход ад Бярэзіны (Любашанскія пушчы). Краіна мае рэдкае залюдненьне. З гэтага боку яна рэзка выдзяляецца з усіх суседніх краёў, дзе ўсюдых залюдненьне гусьцейшае, і зьбліжаецца да ляжачага на паўдня Палесься.

Гаспадарка аднак стаіць тут досіць высака. Сеюць шмат бульбы і ячменю. Пашыраны лясныя промыслы, а ў Ігуменьскім пав. — хатнія рамёслы, асабліва ўсякія дзераўляныя вырабы. З хвабрык і заводаў найбольш бравароў і пільняў. У розных мяйсцох так сама шмат смалярняў і тэрпэтынных заводаў. Краіна вывозіць лес, а прывозіць хлеб. Сетка чыгунак у краіне рэдкая, шмат мяйсцовасьцяў ляжаць далёка ад чыгунак і гэта перашкаджае іх эканамічнаму разьвіцьцю.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Найбольшы горад краіны — Барысаў, з 20 тыс. люднасьці. Ляжыць ён на левым беразе Бярэзіны, на якой мае параходную прыстань, і пры чыгунцы. Барысаў вядзе досіць жывы гандаль