Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У Вільні засталося шмат старасьветчыны. Цэлыя дзесяткі старасьвецкіх касьцёлаў і цэркваў падымаюць свае вежы над Вільняю.

У Катэдральным касьцеле і ў Прачысьценскай царкве́, пахаваны вялікія князі Літоўска-беларускія. У катэдры знаходзяцца і іхнія партрэты і статуі. У капліцы, над Востраю Брамаю, ёсьць найслаўнейшая беларуская сьвятыня: абраз Прачыстае Багародзіцы, якога роўна шануюць і праваслаўныя, і каталікі і да якога з усёй Беларусі йдуць на багамольле. Пад Востраю Брамаю ўсе праежджыя і праходжыя, бяз розьніцы веры, ідуць з непакрытаю галавою.

Шмат якія з касьцёлаў і цэркваў годны ўвагі, дзеля свае архітэктуры, скульптуры і малярства. З гэтага боку Вільня ёсьць найцікавейшым местам Беларусі. Нідзе не захавалася гэтулькі цікавых і харошых будынкаў і абразоў.

У Вільні няма вышэйшае школы, ня вельмі многа сярэдніх і ніжэйшых школаў, ёсьць музэй і бібліатэка. Тым часам, у Вільні, культурнае жыцьцё йдзе байчэй, чымся ў якім іншым месьце. Выдаецца шмат газэт і журналаў у розных мовах, істнавалі ўвесь час культурныя і палітычныя таварыствы і гурткі, іншыя адкрыта, а то і патайна.

Вільня была да апошніх часоў цэнтрам нацыянальнага беларускага руху. Тут выдаваліся першыя беларускія газэты і кніжкі, закладаўся першы тэатр беларускі і навуковыя таварыствы, а так сама і беларускія школы. Вільню так сама лічаць сваім галоўным культурным цэнтрам і жыды (іх у Вільні больш палавіны жыхараў) і ліцьвіны. Усе нацыі Беларусі і Літвы згодна ўжываюцца ў гэтым месьце, павялічуючы ў ім свае культурныя багацьці.

Вільня — найвялікшае места Беларусі; у ім жыве больш за 200.000 чалавек. Апрача палітычных і гістарычных прычынаў гэтаму спрыяе палажэнне Вільні на важным вузьле чыгунак. З Вільні разыходзяцца чыгункі ў пяцёх кірунках. Яны злучаюць Вільню простымі лініямі з Захадам і паўднём Беларусі. Паўночны ўсход Беларусі гэтак добра з Вільняю не зьвязаны.

Хвабрычная прамысловасць у Вільні досіць разьвіта. Па вырабу тавараў Вільня займае другое, пасьля Беластоку, мейсца сярод мест Беларусі, па лічбе работнікаў хвабрычных — займае першае мейсца. Работнікаў у Вільні да 15.000 чал. У Вільні ёсць 8 вялікіх гарбарняў (з іх 4 паравыя), 2 паравых хвабрыкі панчохаў, шмат пільняў, ткацкія хвабрыкі, хвабрыкі мэталёвых вырабаў і інш. Але найбольшае значэньне ў прамысловасьці Вільні маюць дробныя хвабрыкі і майстроўні рамясьнікоў. У Вільні працуюць больш за 8000 краўцоў, шмаг шаўцоў і іншых рамясьнікоў. Частка іх працуе на сваю руку, але большая частка бярэ работу з кантораў, магазынаў, шго прадаюць тандэгную адзежу і вобуй.