Старонка:Географія Беларусі.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

§ 16. ПОРЫ ГОДУ Ў БЕЛАРУСІ

Розьніцы ў клімаце паміж асобнымі краінамі Беларусі, хаця і маюць свае значэньне, ніколькі, аднак, не перашкаджаюць нам гаварыць аб адзіным клімаце ўсяе Беларусі, які выразна адрозьнюецца ад кліматаў сусёдніх краёў, а добра і наглядна выяўляецца ў асаблівым характеры беларускіх пораў году.

Беларуская зіма мае характар сталы, перарываецца адлігамі толькі выпадкова і ненадоўга. Трох-чатырох месячная зіма з трывалым і багатым сьнегавым пакрыцьцём, лёгкімі марозамі, невялікімі адлігамі характэрна для ўсяе блізка Баларусі і адрозьнівае нашую зіму ад суровае, з гострымі марозамі зімы Маскоўшчыны, ды ад гнілое, бязсьнежнае польскае зімы (рыс. 21), На пачатку зімы неба ў нас найбольш хмарнае, ясныя дні здараюцца рэдка, часта йдзе сьнег; у другой палове зімы надвор’е зьмяняецца. У гэтым часе на Беларусь з усходу насуваюцца вялікія маразы пры ясным небе; гэткае надвор’е трывае часамі без пярэрвы некалькі тыдняў. У лютым маразы адвалююцца, настае пара адлігаў, што чарадуюцца з яснымі «веснавымі» днямі і марознымі начамі. У гэтую пару году (ў лютым) у нас найменш выпадае ападкаў. Каля 15 — 25 сакавіка сярэдняя тэмпэратура паветра ўстанаўляецца вышэй 0° і пачынаецца вясна, ці, ляпей кажучы, прадвесьне. Сьнег сходзіць з палёў, рэкі аслабаняюцца ад лёду, прылятаюць першыя птушкі з выраю. Лік ясных днёў моцна ўзрастае, а начамі бываюць толькі лёгкія прымаразкі. У непагоду-ж снег і дождж чарадуюцца між сабою і робяць дарогі моцна гразкімі; але веснавое балота хутка сохне.

Прадвесьне цягнецца звычайна нядоўга, каля 3-х тыдняў. Часамі, аднак, яно зацягуецца. Наагул, раўнуючы да вясны іншых краёў, беларуская вясна надыходзіць досіць марудна.

Ад часу, калі сярэдняя дзенная тэмпэратура паветра падымецца да +5°, можна лічыць што пачынаецца праўдзівая вясна. Зямля хутка абсыхае, жыва расьце трава, зелянеюць дрэвы, адным словам абуджаецца і нарастае жыцьцё ў царстве расьлінаў і ува ўсёй жывой прыродзе. Гэты пэрыод вясны пачынаецца ў нас у палове красавіка і цягнецца да пачатку чэрвеня, калі пачынае панаваць тэмпэратура вышэй +15° і вясну зьмяняе лета.

Вясна беларуская адзначаецца сухасьцяю і цёплым ясным надвор’ем, асабліва на пачатку, ў красавіку, калі здараецца навет праўдзівая летняя гарачыня. Дле пасьля гэтага цёплага часу настае звычайна ў пачатку мая, пара больш халодная, з моцным сіверам пры ясным надвор’і; вецер гэты значна абніжае тэмпэратуру. Часамі- ж, асабліва на паўночным усходзе, бываюць у гэтым часе досіць вялікія прымаразкі. Прычынаю гэтых халадоў лічаць таяньне лёду на вялікіх вазёрах паўночнае Эўропы (у Маскоўшчыне ды Фінляндыі), з якіх і дзьме на нас сярдзіты сівер. Сухасьць беларускае вясны шкодзіць развіцьцю расьлінаў, асабліва ярыны, якую з гэтае прычыны стараюцца сеяць як мага раней, каб захапіць у грунце запас зімовае вільгаці.

З пачаткам лета ўся Беларусь трапляе пад наймацнейшыя ўплывы акеану і заходніх вятроў, і лік дажджоў значна ўзрастае. Найбольшы лік ападкаў ува ўсёй Беларусі якраз прыпадае на летнія месяцы. Розьніца між асобнымі краінамі Беларусі тут толькі тая, што ўсходнія, больш контынэнтальныя краіны маюць найбольш ападкаў ужо ў чэрвені, тады, як у рэшце Беларусі найбольш ападкаў бывае ў ліпені, часамі навет у жнівені. Так ці йначай, але дажджыстасьць і хмарнасьць беларускага лета робяць яго вельмі мягкім, халаднаватым; пры гэтым