Старонка:Географія Беларусі.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

2) Паўднёва-Усходняя Беларусь (Лесастэп , Раданская раўніна) хаця і ляжыць значна далей на паўдня, мае такую самую блізка халодную зіму, як Смаленшчына, але за тое мае гарачае, яснае і сухое лета (сярэднія тэмпэратуры для Новазыбкава; студзень — 8,2°, ліпень +19,6°); дзеля гэтага сярэдняя гадавая тэмпэратура крыху вышэйшая, чым на паўночным усходзе (+ 5° + 6°), але амплітуда большая (27° — 28°). Наагул клімат гэтае краіны трэба прызнаць найбольш контынэнтальным у Беларусі пераходным да клімату стэпаў, хаця ня трэба забывацца, што розьніца між кліматам гэтае, ўсёж досіць лясістае ды навет балоцістае краіны і кліматам бязьлесных, сухіх стэпаў дужа вялікая, куды большая, чым паміж кліматамі якое-хаця з частак Беларусі.

Вясна з асабліва моцнымі сухімі ўсходнімі вятрамі (сухавеямі), гарачае лета, сярод якога аднак досіць часта здараюцца прымаразкі, дый наагул значныя розьніцы між тэмпэратураю дня і ночы, ўрэшце сухмяні, моцна шкодзячыя земляробству, найбольш адрозьніваюць клімат Паўднёвага Ўсходу Беларусі ад клімату іншых яе краінаў.

Мацней выражаны контынэнталізм клімату паўднёва-ўсходняе, ды навет наагул паўднёвае Беларусі, залежыць ад таго, што яна найдалей ляжыць ад мора; апрача таго Карпацкія Горы крыху засланяюць яе, таксама як і значную частку Украіны, ад акеанічных паўднёва-заходніх вятроў, што, пэўнеж павялічуе контынэнталізм краіны.

3) На паўночным захадзе, дый у цэнтры Беларусі, у краі канцавых морэнаў і бязьлічных вазёраў, пануе халодны акеанічны клімат з сяр. гадавою тэмпэратураю таксама, як і у папярэдняй краіне + 5° + 5°, але цяплейшым студзенем — 6° — 8°. Зіма звычайна цягнецца каля 3 ½ месяцаў (з пачатку сьнежня да другое палавіны сакавіка); яна тут значна мягчэйшая, чым. на ўсходзе, з лёгкімі марозамі ды з менш глыбокімі сьнягамі. Сярод зімы здараюцца адлігі, ў часе якіх бывае навет, што саўсім прападае на нейкі час сьнег.; але здараецца гэта рэдка. Наагул клімат гэтае краіны, якую ад усходу засланяюць нашыя ўсходнія ўзвышшы, толькі рэдка і не надоўга трапляе пад уплывы ўсходняга контынэнталізму (гадавая амплітуда 24° — 25°); затое ён адкрыты для уплываў мора. Халоднасьць яго тлумачыцца мі ж іншым тым, што краіна гэтая, высака паднятая, раўнуючы з суседнімі далінамі, над роўнем мора. Як ведама, з падняцьцем на кожныя 100 саж. уверх тэмпэратура зьніжаецца на 1°. Дзеля гэтага вяршыны нашых узгор’яў, паднятыя на 150 саж., павінны быць х аладнейшымі ад суседніх далінаў, паднятых на якіх 50 — 70 саж., — на цэлы градус. Тое, што на ўзгор’ях выпадае больш ападкаў, чым у далінах (гл. вышэй, стр. 42), ад чаго павялічуецца параваньне і зьніжаецца тэмпэратура, ды прысутнасьць масы вазёраў, яшчэ больш павялічуе розьніцу тэмпэратуры узвышшаў і далінаў. Гэта асабліва выразна выяўляецца на Сувальскім Узгор’і, якое з усіх бакоў (навет з усходу і з поўначы) акружанае краінамі цяплейшымі (Сярэдн. гад. тэмпэр. Сувалкі + 6,0° Друзгенікі + 6,4°, Вільня + 6,4°, Коўна + 6,2°).

Шырокія даліны вялікіх рэк, праразаючых заходнія ўзгор’і (Вяльлі, Нёмна і ін.) трэба аднесьці ўжо да чарговае кліматычнае краіны.

4) Паўднёва-заходняя Беларусь, заслоненая ад усходу і поўначы ўжо ня толькі Вокаўскім Лесам, але йшчэ і ўзвышшамі Цэнтральнае Беларусі, ды ляжачае ў глыбокай катліне Прыпяцкае Палесьсе маюць значна цяплейшы клімат. Па далінам вялікіх заходніх рэк Беларусі клімат гэты ўразаецца глыбака ў прасторы