Старонка:Географія Беларусі.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

церпяць нашыя лясы, гароды і палявыя культуры. Ў балотах улетку разводзіцца бязьмеры камароў, мошак, аваднёў, ды інш. кузурак, якія не даюць спакою людзям і жывёлам. Мяйсцамі, відаць, пашыраны і малярыйны камар; там насяленьне моцна церпіць ад трасцы (малярыі). Аднaк гэты камар далёка ня так пашыраны ў Беларусі, як можна было-б спадзявацца па яе балоцістасьці.

__________

§ 27. БЕЛАРУСЬ, ЯК ФІЗЫЧНА-ГЕОГРАФІЧНАЯ СУЦЭЛЬНАСЬЦЬ.

Апісуючы паасобныя праявы беларускае прыроды, мы ўжо зьвярталі ўвагу на іх характэрныя асобнасьці, якія дазваляюць выдзеліць Беларусь з паміж акружаючых яе краёў ў асобную фізычна-географічную краіну. Каб характар гэтае краіны і яе суцэльнасьць ляпей вырысоўваліся перад нашымі вачамі, прыпомнім важнейшыя з гэтых адзнакаў.

Паверхня Беларусі тым адрозьнюецца ад, паверхні Маскоўшчыны, што мае агульны спад на захад, часткаю на паўдня, што пакрытая яна ў значнай меры морэннымі ўзгор'ямі, або зьяўляецца саўсім асобнаю палескаю нізінаю. З другога боку яна значна вышэйшая за ўсе сумежныя заходнія нізіны. Асабліва характэрна для Беларусі разнароднасьць паверхні на самых невялікіх адлегласьцях, частая зьмена краявіду, чаго мы не пабачым ні ў аднавобразным украінскім стэпе, ні ў надбалтыцкіх і літоўскіх нізінах, ні ў безгранічных прасторах плоскіх узвышшаў Маскоўшчыны. Стаіць гэта, як мы ведаем, у зьвязку з вялікаю стракатасьцяю нашых грунтоў, якая нідзе у нашых суседзяў гэтак рэзка ня выяўлена; вызначаецца Беларусь яшчэ перавагаю лёгкіх грунтоў. Абедзьве гэтыя прыметы адрозьнююць нашыя грунты ад чарназёмных грунтоў Украіны ды цяжкіх літоўскіх грунтоў. Грунты Маскоўшчыны гэтак сама больш цяжкія і халодныя; сярод іх вёльмі значную ролю йграюць падзолы. Беларускія грунты ёсьць у большасьці прадоўжаньнем грунтоў Паўночна - нямецкае і Польскае нізінаў і маюць з імі шмат супольнга.

Гэтае-ж самае трэба сказаць і аб расьліннасьці Беларусі, перад усім аб гэтак пашыраных і ў нас, і ў нашых заходніх суседзяў хваёвых барох. Беларуская расьліннасьць наагул вызначаецца сваёю буйнасьцяю і багацьцем. Беларускія мяшаныя лясы і травяныя балоты робяць з Беларусі саўсім асобную расьлінную краіну. Як заходнія мяшаныя лясы, так і мяшаныя лясы Маскоўшчыны адрозьнююцца ад беларускіх складам пародаў; галоўнае-ж, што нідзе ў паясе мяшаных лясоў лес не займае такога пануючага палажэньня ў краявідзе, такіх прастораў, як ў Беларусі. І ў Маскоўшчыне ў паясе мяшаных лясоў і на Захадзе лясоў пазаставалася мала: іх зьніштожылі растучыя месты, дый густое насяленьне; ў нас яшчэ на дзесяткі вёрст цягнуцца пушчы, а на паўдні, ў Палесьсі, лясная стыхія яшчэ пануе ў прыродзе, мала што менш, чым у старадаўнія часы. Ў гэтыя вялікія нашыя лясы сабралася выгнаная адусюль зьвярына, на якую мы бязумоўна багацейшыя ад ўсіх нашых суседзяў.

Вялізныя лясы й балоты ствараюць натуральныя межы, дзелячыя Беларусь ад суседніх краёў, асабліва ад Украіны, Польшчы і Маскоўшчыны.