Перайсці да зместу

Старонка:Ганка (1929).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палкоўнік. Мілая і дарагая жонка, я добра ведаю, у чым справа… не старайся атакаваць хлапца, бо ён дасьць адпор.

Гаспадыня. Я прашу — не перапыняй размову.

Палкоўнік. Студэнту не патрэбна жонка, але навука.

Гаспадыня. Я сама ведаю, што яму патрэбна.

Палкоўнік. Студэнт, бяз бойкі не здавайся, ведай сабе тое, што муж — гэта вярблюд, які цягне праз усё сваё жыцьцё паклажу і сам ня ведае за што. Твая мэта — вайсковая акадэмія, атака, канонада, баталіі, а бабу — фіць!.. Хадзем піць гарбату! (Пашоў).

Гаспадыня. Намалаціў, намалаціў і пашоў.

Студэнт. Як мне здаецца, дзядзька праўду кажа.

Гаспадыня. Слухай ня дзядзьку, а мяне. Ты-ж добра ведаеш, праз каго ты студэнт і хто аплачвае права навукі.

Студэнт. Ведаю… за гэта вечна ўдзячны.

Гаспадыня. Наша становішча найгоршае. Гаспадара няма, а дзе гаспадара няма — гіне ўсё. Парабкі зладзеі, а я адна. Так вось, баючыся таго, каб наша дабро не дасталося ў рукі мужыкоў, я апісала ўсё табе.

Студэнт. Мне? За што такая міласьць?!

Гаспадыня. Ты наш выхаванец, усё роўна, што наш сын.

Студэнт. Я хацеў іначай жыць.

Гаспадыня. Як іначай? Няўжо разам з мужыкамі? Ну, аб гэтым пакінем… І вось я хачу, каб гаспадарку ўзяў у рукі ты, каб на маіх абшарах красаваўся наш шляхоцкі герб, каб ты не дазволіў па нашай сьмерці таптацца мужыку з бруднымі нагамі. Дзядзька на ўсё глядзіць скрозь пальцы. Я сіл ня маю, а гаспадарка патрабуе моцнай рукі, і вось, пакуль ты тут, трэба ўзяцца за працу.

Студэнт. Я згодзен хоць зараз!

Гаспадыня. Ты-ж не падумай, што я цябе хачу ўпрэгчы ў саху. Зусім не! Я хачу, каб людзі працавалі, а тваё вока было-б усюды.