Палкоўнік. Стаю. У, як трапечацца сэрца. Я, брат, часамі забываюся, што я ў хаце. Мне здаецца, што я на вайне. Ну, цяпер ты зразумеў атаку?
Студэнт. Зразумеў.
Палкоўнік. Цяпер ты гавары з цёткай, а я хвілінку адпачну.
Гаспадыня. Усё роўна ня дасьць нічога сказаць.
Палкоўнік. Даю, будзь ласкава, даю!
Гаспадыня. Скончыўшы Інстытут, будзеш агроном?
Палкоўнік. Гэта пытаньне… вайсковая акадэмія на дарозе стаіць.
Гаспадыня. Ня ўцерпеў такі!
Студэнт. Так, цётачка, пайду (Глянуў на палкоўніка).
Палкоўнік. Васіль!
Студэнт (глянуў на гаспадыню, убачыў яе суровыя вочы). Пайду на гаспадарку.
Палкоўнік. Прапаў адзін генэрал!
Гаспадыня. Ды не прапаў гаспадар, будзеш мець свой хлеб, гаспадарку на слуг здаць нельга, слуга ніколі ня спрыяе пану.
Палкоўнік. Ну, ясна, тады трэба жаніцца.
Гаспадыня. А хто цябе за язык цягне?
Палкоўнік. Выбачай, вайсковага за язык не пацягнеш, бо ён зубам калі хваціць, як мяне аскепкам гранаты.
Гаспадыня. Ну, будзь ласкаў, не ўспамінай! Я бяз болю ў сэрцы не магу перанесьці.
Палкоўнік. А я перанёс. Рука адляцела, што лісток з дрэва, нават і ня чуў.
Гаспадыня. Хвалішся, мой родны.
Палкоўнік. Кажу праўду. Добры салдат і на галаву не зьвяртае ўвагі, калі яна коціцца з плеч. А ты, браце, жаніцца не сьпяшайся. Нагуляйся добра, а пасьля… Я супраць жаненьня, калі яно не ў пару.
Гаспадыня. Я цябе не разумею. Ты ня ведаеш, у чым справа, пачынаеш плесьці глупства.