Перайсці да зместу

Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шым Могілеўскім тамашнаму мяшчаніну Няфёду Іосіфовічу і пры ім устанавілі чатырох сотнікаў. Войт павінен ва ўсім глядзець за местскім парадкам і ва ўсіх справах справаваць слушна і радна і аб местскіх патрэбах данасіць замковаму ўраду нашаму, але войты ў справах грамадзянскіх, датыкаючых цэлага места, не іначэй павінны рабіць загады, як са згоды з сотнікамі і дастойнейшымі мешчанамі; а галоўнейшым абавязкам войта павінна быць печа аб памножаньні гаспадаравых даходаў і аб праўдзе пры зьбіраньні падаткаў і другіх набораў, і дзеля гэтага ён заўсёды павінен быць пры ўрадзе, калі аплачываюцца падаткі». А за працу адна валока і адзін дом, займаны войтам, звальняюцца ад аплаты падаткаў. У гаспадаравых сёлах абавязкі войта былі гэткія: выганяць людзей на работу па загаду ўраду, такжа выганяць з платамі і падаткамі, прыводзіць, заместа дзецкага, да суда і на ўрад; пры ўсякіх работах замест прыстава стаяць над людзьмі свайго войтаўства, адвозіць авёс і сена да Вільні або куды загадае ўрад, папраўляць і панаўляць межы селянскіх палёў, быць пры ўрадовым судзе і памагаць судзьдзям, але не судзіць. Сельскія войты выбіраліся са згоды селян.

Ёсьць зьвесткі, што местскія войтаўствы ў канцы ХV сталецьця былі насьледзтвеннымі і прадаваліся ўрадам у патомнае валаданьне са ўсімі даходамі, прывілеямі і правамі, часам аднаму войту на два войтаўствы, а можа часам і болей. Зрэшта, аб гэткай патомнай уладзе войтаў над местамі маюцца дакумэнтальныя данныя толькі з Валынскай зямлі.

ГАЙНАЛ

Азначае пабудну сьпеваную або граную на трубе. Гайналы адыгрывалі ў вайсковых абозах на ўставаньне раніцай і вечэрам на начны спакой. Па местох местовая варта, выходзячы вечэрам, адсьпевала гайнал найчасьцей улажаны з трох-чатырох вершовых зваротак. Пасьля гайналу гараджанам ня можна была выхадзіць на вуліцу.