князёў служэбных; гэта былі абяднеўшыя, захудзеўшыя князі, каторыя прымушаны былі ў рады слуг гаспадарскіх або вялікіх землеўласьнікаў; гэткія князі тонулі ў агульнай масе звыклай шляхты, акром свайго тытулу, нічым ад яе не выдзеляліся. З часам, калі правы і вольнасьці шляхты незвычайна разросьліся, усе князі з пачаткам XVI ст. зьліваюцца з гэтым пануючым станам. У склад гэтага адзінага стану ўвайшлі і другія адмены шляхты — паны, ды земяне або баяры, станавіўшыя з першапачатку ніжэйшы слой, а цяпер набыўшыя шляхоцкія правы. Ад зьліцьця са шляхтай князі нічога не страцілі, бо шляхоцкія правы не ўступалі княжацкім. За княжацкім тытулам асталася пачэсная традыцыя ды памяць аб слаўнай мінуўшчыне. Звыклая шляхта, дабіўшыся сабе правоў і вольнасьцей, зраўнялася з панамі, каторыя сталі судзіцца ў агульна шляхоцкіх судох, і за імі асталіся дзьве перэвагі: выстаўляць на вайну свае роты пад сваей харугваю і прыймаць учасьце ў гаспадарскай радзе.
Пачатак тварэньня ў Беларуска-Літоўскім гаспадарстве шляхты на падобнасьць польскай адносіцца да часоў першай уніі. Урад не хацеў адразу дапусьціць увесь вайсковы стан да шляхоцкіх вольнасьцей: ён правадзіў рэформу асьцярожна і памалу. Прывілей Ягайлы 1387 г. надаваў некаторыя правы польскай шляхты літоўска-беларускім знатным баярам-каталікам. Гарадэльскі прывілей 1413 году права карыстаньня шляхоцкімі правамі, і то не ва ўсёй паўнаце, пакідаў за літоўскімі панамі і шляхтай каталіцкай веры, меўшымі гербы. У першай палавіне XV ст. гэты правы былі пашыраны і на беларускіх баяроў-шляхту каталіцкай веры. З бегам часу шляхам наданьня цэлага раду прывілеяў агульна-земскіх і для паасобных зямель пашыраліся правы, а роўна і круг асоб, каторыя маглі імі карыстацца. Правы шляхты пацьверджаліся такжа ў статутах 1529, 1566 і 1588 гадоў. У 1563 г. урэшце праваслаўная шляхта была зраўнена ў правох з каталіцкай. Правы, атрыманыя беларускай шляхтай, былі вельмі шырокія і надавалі ей вельмі высокае значэньне ў дзержаве. Шляхта карысталася недатычнасьцю асобы, і іх нельга было арэштаваць, караць, пазбаўляць маетнасьці