Старонка:Вінаваты (1930).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На дварэ цёпла. Алесь сеў на бервяне, прытуліўся да сьцяны плячыма і слухае цішыню ночы і зачарованы ёю марыць.

У пуні сьпяць ужо таварышы. Час-ад-часу чутно зашамаціць сена, гэта некаторы з іх варочаецца. Мусіць, калівы сена лезуць у нос ці вуха і казычаць.

Перад варотамі пуні невялічкі кавалачак поплаву. Поплаў парос ужо маладой атавай. Улева адразу гарод: белыя галовы качаноў і па бакох сьцежкі, ніто йдзе цераз грады ў гумно, высокія макавіны. Управа за плотам таксама поплаў і ў адзін бок недалёка ад плоту жыта, а ў другі поплаў і густы малады асіньнік. Над асіньнікам нізка павіс вялікі белаваты круг месяца і сее яшчэ скупым сьвятлом. Цёмнае неба ў гары сіняе і на ім белаватыя зоры. Перад варотамі на суседняй мяжы старая ігруша. Яна высока ўзьнялася над гумнамі ў неба, і, шырока распусьціўшы гольля густое ў лісьцях, застыла так. Алесь пазірае ўгару. Адтуль з сінявы цёмнай прасочваецца паціху зорамі і цячэ на зямлю белаватае нежнае сьвятло і ачышчае яе. Усё ўначы напоена музыкай зусім нячутнай, якую можна толькі ўгадваць. Алесь угадвае гэтую музыку ў ціхім шолаху каліў атавы, у міганьні зор, у застыгласьці лісьцяў ігрушы, у дрыжаньні бялавага туману, што павіс над поплавам і на гольлях асіньніку. Гэтая музыка ўліваецца ў самае сэрца, кратае самыя тонкія, самыя пяшчотныя струны ў душы чалавечай і поўніць яе добрымі думамі, будзіць у сэрцы сьмелыя, самыя найлепшыя жаданьні і формуе іх. Ноччу такі прастор