Старонка:Вінаваты (1930).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ліся скокі. Чырвонаармеец выйшаў на сярэдзіну хаты, падняў у гару руку.

— Таварышы. У нас ёсьць весткі, што на вечарынцы ёсьць хто-ні-хто з рэвольвэрамі. Калі верна — я прашу здаць іх.

Ніхто не азваўся.

— У такім разе я прымушан абшукаць хлопцаў.

Хлопцы скучыліся ў куце каля дзьвярэй, ля лаўкі.

Дзяўчаты адышлі ў другі бок. Па аднаму падыходзілі да Рыгора хлопцы і давалі сябе абмацаць, а потым адыходзілі да дзяўчат.

У хлопцаў не знайшлі нічога. Рыгор глянуў на сябра, махнуў рукою музыкам і падышоў да лаўкі, дзе ў куце стаяла вядро з вадой. За вядром ляжалі два наганы. Рыгор узяў наганы і паказаў. Усе нібы зьдзіўлена пазіралі на іх і маўчалі.

Тады зноў зайграў музыка. Пачаліся скокі.

Ноч...

У хатах даўно патухлі агні.

Усяго некалькі хвілін таму яшчэ ў хаце на акраіне відаць быў агонь, мітусіліся ў скоках постаці людзей. Потым расчыніліся дзьверы ў хаце і вечарынка дзесяткамі самых розных маладых галасоў хлынула ў вуліцу, паплыла па ёй і разгубілася па вуліцы ў кароткіх усхліпах гармоні, глухіх рэдкіх гуках бубна. Пасьля яшчэ дзе-ні-дзе чуліся ціхія шэпты галасоў і позныя тараплівыя крокі. Цяпер усё сьціхла. Застылі шэрыя ў сьвятле месяца постаці хат.