Старонка:Вінаваты (1930).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У горадзе, дзе служыў Дзяніс Смачны, існавала тэхнічная навучальная ўстанова тыну тэхнікуму. У гэтым годзе набіралі туды ўсяго сорак пяць чалавек вучняў. Адбор быў самы строгі.

Сын Смачнага толькі што скончыў сямігодку і Смачны хоча, каб сын абавязкова папаў у гэную ўстанову, а ня ў другую якую.

Вечарам Смачны напісаў сыну заяву, падабраў належныя дакуманты да яе і парашыў сам схадзіць да дырэктара гэнае навучальнае ўстановы і пагутарыць з ім пра сына. «Хоць ён і беспартыйны, — думаў Смачны, — але гэта нават і лепей, лягчэй будзе з ім гутарыць. Чалавек ён вядомы, карыстаецца уплывам і можа ўсё зрабіць... Злачынства я гэтым ніякага не зраблю...»

Выбраўшы час, Смачны пайшоў да дырэктара. Калі зайшоў у габінэт дырэктара, дык проста падаў таму руку.

— Добры дзень, Арцём Сямёнавіч. Выбачайце, што я проста так да вас. Я — Смачны, працую ў...

— Сядайце. Вельмі рад. Сядайце. Чым магу быць карысны?..

Смачны сеў і зьняў шапку.

— Яшчэ раз выбачайце мяне, Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытаньню. Наконт свайго сына.

— Так, так...

— Сын мае жаданьне навучацца толькі ў вашай установе і болей нідзе...