Перайсці да зместу

Старонка:Вянок (1927).djvu/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КНІГА.

Псалтыр, пакрытую няжорсткай, бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засьцежкі адамкнуў,
Перачытаў рады кірыліцы прыгожай,
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Вось псальма сьлічная: „Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю бога я“.
Як вее сьвежасьцю яе краса жывая!
Як радасна ўсё дальш сьпяшыць душа мая!

І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,
Што, „кнігу гэтую раб божы, дзяк Гапон,
Дзеля душы сьпісаў у месту Ваўкавыску
У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён“.