Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечара пажар
Палаў між бура-шызых хмар;
Калі васенны вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, —
Тады да лета Вэроніка
Ад нас зьнікала у інстытут
І ня будзіла згадак тут.
А час усё каціўся далей
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў,
Мы панямногу падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.
І толькі ўжо тады я ўгледзеў
Што поруч, як цьвяток лясны,
Ўзрасла ў красе сваей вясны
Дачка самотная суседзяў
І, — помню я, — тады-жа ўперш
З маей душы паліўся верш.
Ён там кіпеў струёй жывою
Праз холад мысьлі працякаў
І ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць,
Аб чым той вершык меў казаць.
|