Старонка:Вянок (1913).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

∗                    ∗

Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Бытцым дым сіневаты c кадзіла,
Рэдкі правідны туман;
Неба ўсю глыбь ажывіўшы,
Патроху праз цемнь выглядалі
Зорак дрыжачых вянкі;
Конікі суха зьвінелі;
Шырэй разліваліся хвалі
Цёмнай, люстранай рэкі;
Пала раса; у палёх
Загарэліся пацеркі мілых
Жоўта-чырвоных агнёў…
Час, калі трэба журыцца
Душою на сьвежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.