Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зрок; прадметы дваіліся ў яе вачах, і яна хапала ўвабражаемыя кубкі і чаркі замест сапраўдных; слых і памяць таксама зусім аслабелі, а мова зрабілася амаль незразумелай. Каля яе трэба было заўсёды трымаць маю дошку, каб яна магла напісаць тое, чаго не магла растлумачыць словамі. Паколькі ў грамаце яна была не вельмі моцная, а Джо чытаў з грахом папалам, то паміж імі ўзнікалі частыя непаразуменні, вырашаць якія звычайна прыходзілася мне. Але і мне часта здаралася падаваць ёй мяса замест мяты, чулкі замест булкі ці клікаць Джо, калі патрэбна было заварыць чай.

Характар у яе змяніўся і палепшыўся: яна зрабілася цярплівай. Яе ўвесь час трэсла, гэта стала цяпер яе нармальным станам. Праз кожныя два-тры месяцы на яе нападаў стаўбняк; яна хапалася рукамі за галаву і аставалася часам цэлыя тыдні амаль без памяці. Мы не маглі прыдумаць, дзе знайсці для яе добрую сядзелку, пакуль нас не выратаваў выпадак. Бабуня містэра Вопсля перамагла нарэшце дурную прывычку жыць, з якою столькі год дарэмна змагалася, і Бідзі стала членам нашай сям‘і. Яна пачала адразу так спрытна даглядаць хворую, як быццам ведала яе з самага дзяцінства.

Першай перамогай Бідзі ў новай ролі было тое, што яна вырашыла задачу, перад якою я канчаткова станавіўся ўтупік, хоць шмат ламаў над ёю галаву. Сястра мая заўсёды малявала на дошцы нейкую фігуру, крыху падобную на сапсаванае друкаванае Т. Я перабіраў усе рэчы на Т, пачынаючы з трыножка і канчаючы таркаю, але ніяк не мог адгадаць. Нарэшце мне прышло ў галаву, што фігура нагадвала сабою малаток; калі я пракрычаў ёй у вуха гэта слова, яна пачала радасна стукаць па сталу, яўна падтрымліваючы маю здагадку. Я прынёс ёй адзін за адным усе малаткі, але аказалася зноў не тое; тады я ўспомніў