Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мяне, склалася ў мяне ў адзін памятны непагодлівы пасляабедзены час, калі дзень падыходзіў ужо да вечара. У гэты дзень я канчаткова пераканаўся, што паросшае крапівой месца, дзе я стаяў, былі могілкі, што Філіп Пірып, мясцовы прыхажанін, «а таксама Джарджыана, жонка вышэйпамянёнага», памерлі і пахаваны, што младзенцы Александр, Варфаламей, Аўраам, Товій і Роджэр, «дзеці вышэйназваных», таксама памерлі і пахаваны, што нудная плоская пустка за могілкамі, зрэзаная канавамі, плацінамі і агарожамі, дзе пасвілася жывёла, было балота, што далёкая свінцовая палоска была рака, што шырокая пахмурая далеч, адкуль дуў вецер, было мора, што маленькая, дрыготкая фігурка, якая баялася ўсяго гэтага і нарэшце заплакала са страху, быў Піп.

— Замаўчы! — пачуўся люты голас, і з-за магіл ля царкоўнай паперці вырасла чалавечая постаць. — Замаўчы, чарцянё, а не дык я перарэжу табе горла!

Гэта быў страшны чалавек у грубай шэрай вопратцы, з калодкаю на назе, у парваных чаравіках, без шапкі; галава ў яго была абвязана нейкімі анучамі. Ён быў увесь мокры, у гразі і ў сіняках, кульгаў, дрыжаў і страшэнна лаяўся. Зубы ў яго ляскалі, калі ён схапіў мяне за падбародак.

— Не рэжце мяне, сэр! — пачаў прасіцца я, ахоплены жахам. — Калі ласка, не рэжце!

— Як цябе завуць? Гавары! — сказаў незнаёмы.

— Піп, сэр.

— Паўтары яшчэ, — загадаў ён, не зводзячы з мяне вачэй. — Ды гавары выразней!

— Піп, Піп, сэр.

— Пакажы, дзе ты жывеш! — гаварыў чалавек. — Пакажы пальцам!

Я паказаў рукою на плоскі бераг ракі, дзе сярод алешніку і тапалёў, за паўтары мілі ад царквы, раскінулася наша вёска.