Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вярнуўся, каб ісці, усе яны зірнулі на мяне з найвялікшаю пагардаю, і, адыходзячы, я чуў, як Сара Покет сказала: «Чаго-ж яшчэ чакаць пасля гэтага?», а Каміла далучыла з абурэннем: «Бачылі такую фантазію? Вось ідэя!»

Мы ішлі са свечкаю па цёмнаму карыдору. Раптам Эстэла спынілася і, рэзка павярнуўшыся, так што амаль дакранулася да майго твара, сказала сваім кплівым тонам:

— Ну!

— У чым справа, міс? — запытаў я, ледзь стрымліваючыся, каб не ўпасці на яе.

Яна глядзела на мяне, і я, вядома, таксама глядзеў на яе.

— Прыгожая я?

— Так, мне здаецца, што вы вельмі прыгожы.

— І дзёрзкая?

— Не так, як у мінулы раз, — сказаў я.

— Не так?

— Але.

Пры апошнім пытанні яна зачырванелася і, калі я адказаў, з усёй сілы ўдарыла мяне па твару.

— Вось табе, мужык, урода! Ну, а цяпер што ты думаеш пра мяне?

— Не скажу.

— Таму, што скажаш там, наверсе?

— Не, не таму.

— Чаму ты цяпер не плачаш, агідны хлапчук?

— Таму, што я ўжо ніколі не буду больш плакаць з-за вас.

Гэтая заява была найвялікшай маною, якую я калі-небудзь гаварыў, таму што нават і тады сэрца маё аблівалася слязмі, і адзін я ведаю, колькі слёз я праліў з-за яе потым.

Пасля гэтага мы пачалі падымацца па лесніцы і тут сустрэлі пана, які сходзіў вобмацкам уніз.