Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што я бачыў і чуў, прыехаў у сваім вазку якраз к чаю, жадаючы атрымаць ад мяне падрабязную справаздачу. Адзін выгляд гэтага тырана з яго рыб‘імі вачыма, разяўленым ротам і пытальна тырчэўшымі белабрысымі валасамі прымусіў мяне быць яшчэ больш упартым у сваёй скрытнасці.

— Ну, хлапчанё, — пачаў дзядзька Пембльчук, як толькі яго пасадзілі на пачэснае крэсла каля агню, — як ты правёў час у горадзе?

— Нішто сабе, сэр, — адказаў я, прычым сястра паказала мне кулак.

— Нішто сабе? — паўтарыў містэр Пембльчук. — Нішто сабе — не адказ. Скажы нам, што ты разумееш пад тваім «нішто сабе?»

Падумаўшы з хвіліну, я адказаў, нібы выказваў незвычайную новую думку:

— Я і разумею: нішто сабе.

У сястры вырваўся нецярплівы ўсклік, і яна ўжо збіралася накінуцца на мяне, але містэр Пембльчук спыніў яе, сказаўшы:

— Не псуйце сабе настрою, мэм, і пакіньце ў маім распараджэнні хлопчыка. Пакіньце яго ў маім распараджэнні.

Затым ён павярнуў мяне да сябе, нібы збіраўся стрыгчы, і сказаў:

— Ну, хлапчанё, скажы нам, якая на выгляд міс Гевішам?

— Вельмі высокая і смуглявая, — адказаў я.

— Праўда, дзядзя? — запыталася сястра.

Містэр Пембльчук кіўнуў галавою, з чаго я зрабіў вывад, што ён ніколі не бачыў міс Гевішам, таму што яна была і не высокая, і не смуглявая.

— Добра! — праказаў з гордасцю містэр Пембльчук. — Вось як трэба брацца за справу. Цяпер ён ад нас не адкруціцца. Ці-ж не праўда, мэм?

— Я ведаю толькі адно, — адказала місіс Джо: —