Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

можа, уся будучыня хлопчыка залежыць ад яго знаёмства з міс Гевішам, дзядзя хоча завезці яго сёння-ж у горад у сваім уласным экіпажы, дазволіць яму пераначаваць у сябе і заўтра раніцою ўласнаручна прадставіць яго міс Гевішам… Але, божа мой! — закрычала раптам сястра, з роспаччу кідаючы свой капялюш. — Я тут стаю і балбачу з гэтымі дурнямі, а дзядзя Пембльчук чакае, кабыла мерзне і хлапчук у гразі з галавы да ног!

З гэтымі словамі яна накінулася на мяне, як каршун на ягня, у адзін момант акунула мой твар у драўляную балею і пачала паліваць маю галаву халоднаю вадою; мяне мылілі і цёрлі, драпалі, штурхалі і скрэблі, пакуль я не страціў нарэшце ўсякую чуллівасць. Потым мяне апранулі ў страшэнна вузкае плацце і ўручылі містэру Пембльчуку, які прыняў мяне надзвычай афіцыяльна, як які-небудзь гарадскі галава, і пры гэтым сказаў прамову, якая ўжо даўно прасілася ў яго на язык:

— Хлопчык, будзь удзячны прыяцелям сваім, у асаблівасці-ж тым, якія вырасцілі цябе ўласнаручна.

— Бывай, Джо!

— Сцеражы цябе божа, Піп, стары дружа мой!

Я ніколі яшчэ не разлучаўся з Джо, і ўжо не ведаю, ці гэта слёзы, ці рэшткі мыльнай вады, толькі, седзячы ў каламажцы, я даволі доўга не мог разглядзець зорак, а між іншым яны мільгалі нада мною, не даючы ніякага адказу на тое, чаму я павінен хадзіць гуляць да міс Гевішам і ў што-ж, уласна, буду я там гуляць.


РАЗДЗЕЛ VII

Жыллё містэра Пембльчука знаходзілася на Вялікай вуліцы базарнага горада. Мяне прама адправілі спаць на гару пад самы дах, які ў тым месцы, дзе стаяў мой ложак, быў такі нізкі, што чарапіцы прыходзіліся не вышэй за фут над маёй галавою.

Раніцою мы з містэрам Пембльчукам паснедалі а