Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шам — «ён»? Спадзяюся, што нават і ты не скажаш такога глупства.

— Міс Гевішам — тая, што ў горадзе жыве? — запытаўся Джо.

— А хіба ёсць яшчэ другая міс Гевішам за горадам? — агрызнулася сястра. — Яна хоча, каб хлопчык прыходзіў да яе гуляць. Вядома, ён пойдзе, і няхай гуляе добра, а не дык я яго так апрацую, што толькі трымайся.

Я чуў пра міс Гевішам, што яна страшэнная багачка і жанчына панурага характару. Жыла яна ў вялізным панурым доме і вяла вельмі замкнёнае жыццё.

— Усё гэта вельмі добра. — заўважыў неўразуменна Джо. — Але адкуль яна ведае Піпа? — вось што мяне здзіўляе.

— Дурань! — прыкрыкнула на яго сястра. — Ды хто-ж гэта кажа, што яна яго ведае?

— Але, здаецца, — заўважыў зноў Джо з найвялікшай далікатнасцю, — хтосьці тут спамянуў, што яна хоча, каб ён прыходзіў да яе гуляць.

— А хіба не можа дзядзя Пембльчук быць яе арандатарам і часам заходзіць да яе, каб заплаціць арэндную плату. І хіба не магла яна пры гэтым запытаць дзядзю Пембльчука, ці не ведае ён якога-небудзь хлопчыка, які мог-бы прыходзіць да яе гуляць? І хіба не мог дзядзя Пембльчук сказаць на гэтага хлапчука, які стаіць тут і фанабэрыцца і якому я ўсё жыццё была дабравольнаю рабою.

— Добра сказана! — усклікнуў дзядзя Пембльчук. — Удала! У самы раз! Цяпер, Джозеф, ты ведаеш, у чым справа?

— Не, Джозеф, — падхапіла сястра тым-жа тонам глыбокага дакору, у той час як Джо неміласэрдна цёр сабе пераносіцу, — не, ты яшчэ не ведаеш, у чым справа. Ты яшчэ не ведаеш, наколькі блізка да сэрца прымае гэтую справу дзядзя Пембльчук. Разумеючы, што,