— І нават скажу вам у каго. У каваля.
— Вось як! — усклікнуў сержант, утаропіўшыся на Джо.
— Вось як, Піп! — сказаў Джо, утаропіўшыся на мяне.
— Гэта былі розныя рэшткі, крыху гарэлкі і пірог.
— Ці не заўважылі вы, шаноўны, прапажы ў вас чаго-небудзь з ежы, напрыклад, пірага? — запытаўся сержант, звяртаючыся да Джо.
— Мая жонка заўважыла якраз у тую хвіліну, калі вы ўвайшлі. Памятаеш, Піп?
— Дык гэта вы каваль? — сказаў мой катаржнік, панура паглядзеўшы на Джо і нават не зірнуўшы на мяне. — У такім выпадку мне вельмі шкада, але я павінен вам сказаць, што я з’еў ваш пірог.
— На здароўе. Мне пірага не шкода. Мы не ведаем, што вы там зрабілі, але, вядома, мы не хацелі-б, каб вы памерлі за гэта з голаду. Хіба не так, Піп?
У горле арыштанта зноў штосьці захрыпела, як у той раз на балоце, і ён павярнуўся да нас спіною. Лодка вярнулася, канвой быў напагатове. Мы праводзілі яго да прыстані і бачылі, як ён сеў у лодку, на якой грэблі такія самыя катаржнікі, як і ён сам. Ніхто, убачыўшы яго, не выявіў ні здзіўлення, ні радасці, ні смутку, ніхто не загаварыў з ім, толькі рулявы скамандаваў, як сабакам: «На ваду!» — і вёслы апусціліся. Пры святле факелаў мы маглі разгледзець чорнае судно, якое стаяла за некалькі сажняў ад багністага берагу. Абабітая жалезам, прымацаваная да якараў масіўнымі іржавымі ланцугамі, гэтая плывучая турма здавалася майму дзіцячаму ўяўленню гэтакай-жа закутай, жалкай і няшчаснай, як і самі арыштанты. Мы бачылі, як лодка прычаліла: арыштанта прынялі на судно, і ён знік. Потым абгарэлыя канцы факелаў былі кінуты ў ваду, зашыпелі і згаслі, як быццам усё было скончана і з імі.
34